ДАЛЁКІХ ПРОДКАЎ СПАДЧЫНА НЕ ЗГІНЕ
V рэгіянальныя краязнаўчыя чытанні “Мой край: вядомы, невядомы” адбыліся на Краснапольшчыне.
У сувязі з юбілейнай датай гэтай культурнай з’явы ініцыятар і арганізатар чытанняў В. А. Марчанка зрабіла бліц-экскурс у іх гісторыю даўжынёй у пяць гадоў, падкрэсліла дасягнутыя вынікі і значнасць краязнаўчай работы, прадставіла выстаўку краязнаўчых выданняў з вопыту работы “Злучаючы мінулае з сучасным”.
Праграму V краязнаўчых чытанняў саставілі чатыры намінацыі, якія вызначыліся на падставе заяўвак аматараў-краязнаўцаў: “Гістарычнае краязнаўства”, “Літаратурнае краязнаўства”, “Славутыя імёны”, “Народная спадчына”.
Чытанні былі прымеркаваны да Года міру і стварэння, да 80-годдзя вызвалення Краснапольскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Тэма міру актуальная заўсёды. У наш час яна паўстала асабліва востра. Пэўна таму, некаторыя краязнаўцы свае работы прысвяцілі памяці землякоў-франтавікоў і падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
У гісторыі вайны нямала прыкладаў, калі ўдзельнікамі вайны станавіліся цэлыя сем’і. У горадзе Жодзіна ёсць помнік Анастасіі Купрыянавай, якая страціла на фронце пяцёра сыноў. Гэты помнік ведае ўвесь свет. Не менш пранізлівыя трагедыі мацярок Краснапольскага раёна – Марфы Аўсяннікавай з вёскі Дзернавая, Матруны Малахавай з вёскі Бірулі, Саламоніі Лістападавай з вёскі Каз-Буда. Пра іх паведалі ў сваіх выступленнях А. У. Кандраценка, культарганізатар Ленінскага СДК, Т. В. Яфімчык, загадчык Яноўскага СДК.
Тэму вайны ілюстравала на краязнаўчых чытаннях выстаўка выдавецкай літаратуры “Память будет жива, пока помнят живые” па творчасці народнага літаратурнага калектыву “Світанак” Краснапольскага РЦК і песня “Помните” ў выкананні А. Трафімавай.
Цікавымі старонкамі з літаратурнага жыцця краю ў намінацыі “Літаратурнае краязнаўства” падзялілася кіраўнік “Світанка” В. А. Марчанка. Яна прадставіла творчы і жыццёвы партрэт земляка-пісьменніка Васіля Шашалевіча, які стаяў ля вытокаў Краснапольскага тэатра, якому ў гэтым годзе споўнілася 105 год, і ля вытокаў беларускай драматургіі.
Краснапольшчына дала шмат славутых людзей. Пра знакамітага доменшчыка Расіі, ураджэнца вёскі Яноўка, у намінацыі “Славутыя імёны” паведала Вікторыя Братачкіна, вучаніца 10 класа ДУА “Палужскі ВПК СШ-дзіцячы сад”.
Карэспандэнт установы “Рэдакцыя газеты “Чырвоны сцяг. Краснаполле”” Аляксандра Амельчанка сваю краязнаўчую работу “Достойный пример созидательного труда” прысвяціла земляку-працаўніку Івану Мікалаевічу Смаршкову, ураджэнцу вёскі Малюшына, чыя праца і ўклад жыцця могуць служыць прыкладам.
Шмат людзей, якія жывуць з намі побач на бацькоўскай зямлі, з’яўляюцца яе гонарам. Яны працуюць у розных галінах і ўслаўляюць родны край добрасумленнай працай і сваім талентам.
Праз краязнаўчыя чытанні робяцца крокі да таго, каб іх прозвішчы і дасягненні станавіліся вядомымі.
Ансамбль народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК у якасці носьбіта песеннай народнай творчасці прадставіла яго кіраўнік Л. Я. Каратцова. А ансамбль яскрава праілюстраваў яе паведамленне сваім выступленнем. У выкананні ансамбля прагучалі аўтэнтычныя спевы сваёй вёскі і народны фальклор.
У гэтай жа намінацыі “Народная творчасць” па тэме “Роля пояса ў народнай творчасці” выступіла культарганізатар Горскага СДК Л. У. Васількова.
Метадыст па традыцыйнай культуры В. А. Марчанка прапанавала выступленне па тэме “Прадзенне і ткацтва як інстытут сацыялізацыі жанчыны”. У ім яна распавяла, як у працэсе заняткаў прадзеннем і ткацтвам адбывалася ініцыяцыя дзяўчыны, ажыццяўлялася яе падрыхтоўка да шлюбу, да сэксуальнага жыцця і дзетанараджэння.
Удзельнікі чытанняў маглі пазнаёміцца з выставай паясоў майстра Краснапольскага РДР В. В. Андрыянавай і тканых вырабаў Н. Р. Паплыка, культарганізатара Пачапоўскага СДК, якая апошнім часам актыўна засвойвае сакрэты ткацтва.
Так, прысутных чакала і творча-практычная частка: выстаўкі літаратуры – мастацкай і краязнаўчай, этнаграфіі, выступленні творчых асоб.
А яшчэ – выступленні пераможцаў конкурсаў. Якіх? Адзін з конкурсаў быў прымеркаваны да Дня народнага адзінства – гэта III рэгіянальны творчы рознажанравы конкурс “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”, другі - да 80-годдзя вызвалення Краснапольшчыны - раённы конкурс “Краснапольшчына ў сэрцы маім”.
Кожны з гэтых конкурсаў таксама зрабіў ўнёсак у пазнанне роднага краю, у адкрыццё новых творцаў і імёнаў, таму падвядзенне вынікаў конкурсаў на краязнаўчых чытаннях падалося лагічным.
Зацікаўленым пазнаёміцца з інфармацыяй пра гэтыя конкурсы і іх вынікі можна ў інтэрнэт-сетцы. А вось наведвальнікі краязнаўчых чытанняў мелі магчымасць пачуць некаторыя лепшыя творы творы канкурсантаў.
Дыпломы пераможцам конкурсаў і ўдзельнікам краязнаўчых чытанняў уручыла старэйшы інспектар сектара культуры Краснапольскага райвыканкама Марыя Васільеўна Кавалёва. Яна падзякавала за добрую арганізацыю мерапрыемства, значнага для Краснапольшчыны, і звярнулася з заклікам і надалей збіраць і зберагаць культурна-гістарычнае багацце малой радзімы, каб маглі дакрануцца да яго і наступныя пакаленні.
Удзельнікі краязнаўчых чытанняў усклалі кветкі да помніка Салдата-Вызваліцеля ў сувязі з 80-годдзем вызвалення раёна.
В. А. Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”