Дзень беларускага пісьменства адсвяткавалі на Брэстчыне
Юбілейны XXV Дзень беларускага пісьменства прыняў горад Іванава Брэсцкай вобласці. Гасцям свята была прадстаўлена даволі насычаная праграма.Святочныя мерапрыемствы пачалі сустракаць гасцей напярэдаднi – з 1 верасня.
Менавіта з перадачы Благадатнага Агню ад Гроба Гасподняга на лампадкі і свечкі прыхаджан адкрыліся мерапрыемствы другога дня – гэта традыцыйная частка праграмы Дня беларускага пісьменства, якая праходзіць у рамках Рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да Святыняў». Мерапрыемства адбылося ў Храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
Далей гараджан і гасцей запрасілі на ўрачыстае адкрыццё памятнага знака «Янава слова». Скульптурная кампазіцыя размешчана на пешаходнай вуліцы 17-га верасня. Ад гэтай вуліцы пачалось урачыстае шэсце, прысвечанае 595-годдзю горада Іванава.
Галоўным лейтматывам святочных мерапрыемстваў стала тэма «Мая малая радзіма», а таксама юбілейныя даты класікаў літаратуры : Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Маўра, Канстанцыі Буйло, Максіма Гарэцкага, Сяргея Грахоўскага, Эдзі Агняцвет, Алеся Бачылы, Мікалая Ткачова і інш.
Гісторыя горада і раёна звязана з знакамітым родам Дастаеўскіх, якія падаравалі свету вялікага пісьменніка. Зараз у Дастоева (аграгарадок ў Іванаўскім раёне ) паміж Траецкай царквой і школай усталяваны помнік Ф.М.Дастаеўскага.
Галоўная сцэнічная пляцоўка размясцілася ў гарадскім парку дзе на працягу дня прайшлі:
- урачыстае адкрыццё XXV Дня беларускага пісьменства, мастацка-тэатралізаваная дзея «Малой радзіме пакланюся!», уручэнне нацыянальнай літаратурнай прэміі;
- літаратурна-мастацкая дзея «Бачу Беларусь такой…»;
- урачыстая цырымонія перадачы эстафеты свята гораду Слоніму Гродзенскай вобласці;
- Рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – «Мы – разам!»;
- канцэрт майстроў мастацтваў «Льецца песня над Палессем».
Гарадскі парк упрыгожылі драўляныя скульптуры знакамітых людзей, якія пакінулі прыкметны след у літаратуры і мастацтве Іванаўшчыны, іх аўтарамі з’яуляюцца разьбяры па дрэве якія прымалі ўдзел у пленэры напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Тут таксама можна было ўбачыць кірмаш беларускіх прадпрыемстваў і свята-фэст беларускай кухні і беларускай прадукцыі.
На плошчы кастрычніка ў шматлікіх тэматычных павільёнах працаваў фестываль кнігі і прэсы, праводзілася грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам», былі прадстаўлены тэматычныя выставы.
Каля Іванаўскага раённага Цэнтра культуры і народных традыцый размясцілася выстава-продаж тэматычнай сувенірнай прадукцыі майстроў Брэсцкай вобласці, майстар-класы па традыцыйных рамёствах. Таксама на гэтай пляцоўцы гледачам быў прапанаваны заключны канцэрт і ўзнагароджванне пераможцаў ХХІІ абласнога свята-конкурсу духавой музыкі «Фанфара – 2018».
Безумоўна ва ўсіх мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства адлюстроўвалася Беларускае друкаванае слова – гэта наш гістарычны шлях, наша культура і жыватворная крыніца, і ва ўсіх нас ёсць магчымасць прымкнуць да яе. Гэта нашы вытокі якімі мы можам ганарыцца і якія мы павінны зберагаць.
Аляксандр Глуздоў, начальнік аддзела УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КПР»