Касцюковіцкія таленты бліскалі на міжнародным узроўні
Асноўная ідэя фестывалю – яднанне славянскіх народаў, дружба суседніх краін, захаванне самабытнай нацыянальнай культуры. Як распавяла прадстаўнік дырэкцыі фестывалю Інэса Крукоўская, за час існавання фестываль стаў сапраўдным форумам дружбы. За 22 гады наладзіліся творчыя адносіны з калектывамі 12 краін свету, такімі як: Эстонія, Сербія, Турцыя, Малдова, Польшча, Літва, Латвія, Славакія, Румынія, Расія, Украіна, Беларусь.
Для ўдзелу ў фестывалі быў накіраваны малады і перспектыўны калектыў раённага Цэнтра культуры - вакальны гурт «Цуда-раніца». На канцэрце-прэзентацыі хлопцы выканалі песню «Александрына», якая стала візітнай карткай групы. Другая песня, «Ой, кума», якая прагучала на гала-канцэрце, выклікала сапраўдны шквал апладысментаў і крыкаў «брава!». У другі дзень фэсту гурт «Цуда-раніца» адпрацаваў двухгадзінную канцэртную праграму на адной з сцэнічных пляцовак Дубровенскага раёна. Група «Цуда-раніца» ўзнагароджана дыпломам за актыўны ўдзел у фестывалі.
У рамах фестывалю праходзілі выстава-конкурс лялек у нацыянальных касцюмах «Дубравушка» і свята-конкурс традыцыйнай свістулькі «Салавейка-2015». Свае работы на конкурс прадставілі і Касцюковіцкія майстры: на конкурс лялек – Елісеенка Лілія Канстанцінаўна (раённы Дом рамёстваў), на конкурс свістулек – Бацаленка Віктар Васільевіч (Цэнтр пазашкольнай работы). Работы нашых майстроў былі па вартасці ацэнены і шматлікай публікай, і членамі журы. Лілія Канстанцінаўна узнагароджана дыпломам II ступені, ў скарбонцы Віктара Васільевіча - дыплом III ступені. Акрамя самых прыемных успамінаў пра фэст, яго ўдзельнікі прывезлі дадому цэлы арсенал трафеяў: разнастайныя падарункі і сувеніры з лагатыпамі свята, буклеты і спецвыпуск Дубровенскай раённай газеты, але самае галоўнае – незабыўную атмасферу цяпла і дружбы!
Наталля Дробышава, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна.