“Краснапольскі глечык” зноў збірае сяброў!
16 верасня 2023 года ў г.п. Краснаполле адбыўся VI рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў “Краснапольскі глечык”.
Штогод фестываль праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі таленавітых самабытных майстроў народнай творчасці Краснапольшчыны і рэгіёна, а таксама адраджэння, захавання і развіцця беларускага рамесніцтва ў яго лепшых узорах.
Для ўдзелу ў фестывалі запрашаліся майстры народных рамёстваў, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выконваюць вырабы ў традыцыйных і сучасных тэхніках.
“Краснапольскі глечык” сабраў майстроў з раёнаў Магілёўшчыны – Касцюковіцкага, Быхаўскага, Мсціслаўскага, Чэрыкаўскага, Краснапольскага і з Кармянскага раёна Гомельскай вобласці.
Пачаўся фестываль з канферэнцыі “Традыцыйныя промыслы і рамёствы як аб’ект развіцця культурна-пазнавальнага турызму”, якая і дала старт фестывалю. Удзельнікі канферэнцыі абмяняліся вопытам развіцця традыцыйных рамёстваў сваіх рэгіёнаў, магчымасцю іх папулярызацыі, вопытам вырабу брэндавай прадукцыі.
Кіраўнік Нацыянальнай студыі мастакоў-рамеснікаў “Спадчына” ДУК “ЦКС Касцюковіцкага раёна” распавяла прысутным пра народную ляльку як сакральны сімвал у беларускай народнай творчасці., загадчык аддзела традыцыйнай культуры і рамёстваў ДУК “Кармянскі раённы цэнтр культуры і вольнага часу” К.М.Якутовіч распавяла пра выраб і папулярызацыю вырабаў з лёну, а таксама пра самабытны фестываль “Ільняная карусель”.
У рамках фестывалю праводзіўся конкурс работ, выкананых у традыцыйных тэхніках “Незабытыя рамёствы” і конкурс работ, выкананых у сучасных тэхніках “Рамёствы ў фармаце сучаснасці”. На суд журы свае работы прадставілі 37 майстроў-удзельнікаў фестывалю, у тым ліку 18 з Краснаполля.
У гарадскім скверы разгарнулася выстава вырабаў майстроў народных промыслаў і рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Краснапальчане і госці раёна з задавальненнем цікавіліся прадстаўленай прадукцыяй, а таксама ўдзельнічалі ў майстар-класах па розных відах рамёстваў.
Асаблівы поспех на фестывалі меў дэманстрацыйны майстар-клас па ганчарным рамястве, які праводзіў ганчар Мсціслаўскага раённага Дома рамёстваў Мікіта Мартынаў. У асноўным яго вырабы традыцыйныя ганчарныя формы: крынкі, гаршкі, вазы. У працы ён выкарыстоўвае і стужачную тэхніку. Мікіта Мартынаў таксама прымаў удзел у конкурсе на нашым фестывалі.
Майстры з г. Быхава на суд журы прадставілі 15 работ: з керамікі, у стылі лапікавай тэхнікі і народнай лялькі.
Майстры з Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ўдзельнічалі ў конкурсе “Рамествы ў фармацыі сучаснасці”.
Наталля Чысцякова з Краснаполля – майстар-аматар па вышыўцы і народных ляльках, якія адлюстроўваюць нашу народную культуру і побыт. Напрыклад, ляльку-крупенічку, са слоў Наталлі, кожны вясковец трымаў у сябе дома, а, калі прыходзілі галодныя часы, можна было яе раскрыць і прыгатаваць крупы для сям’і. Гэтай тэме Наталля прысвяціла даследчую працу “Аднаўленне народнага касцюма. Краснапольскі строй”.
Гасцей фестывалю зацікавілі кампазіцыі з талаша (кукурузнага лісця) майстроў Яноўскага СДК – сумачкі для модніц, капялюшыкі, дамавічкі, тэкстыльная лялька з элементамі талаша і мешкавіны і многае іншае.
Фестываль “Краснапольскі глечык – свайго роду канцэнтрацыя творчых людзей. Гэта ўсё надае ўпэўненасці ў тым, што наш край багаты талентамі і. І так будзе заўсёды! Гэта тое, што стварае наш нацыянальны генафонд і культурныя скрэпы.
Лепшым майстрам на фестывалі былі ўручаны дыпломы I, II і III ступені і падарункі.
С.Сазонава, метадыст метадычага аддзела РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”