Мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, прайшлі ў Магілёўскай вобласці
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гісторыя гэтага дня вельмі цікавая, але і трагічная. Дата дня была абрана не выпадкова: 21 лютага 1952 года ў г.Дацэ, цяперашні Бангладэш, загінулі студэнты, якія выйшлі на дэманстрацыю ў абарону сваёй роднай мовы бенгалі, якую яны патрабавалі прызнаць адной з дзяржаўных моў краіны.
На 30-й сессіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА ў лістападзе 1999 года было вырашана – 21 лютага штогод адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы, дзеля абароны моўнай і культурнай разнастайнасці народаў.
У кожнай клубнай установе былі праведзены мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага дня: паэтычны конкурс «Гаворка беларуская» у Бабруйскім раёне, паэтычная гасцёўня «Галасы з Горацкага Парнаса» у Горацкім, ток-шоу «Мова – жывая душа народа» – у Дрыбінскім раёне літаратурна-музыкальны вечар «Той народ жыве, які свае песні мае» у Клімавіцкім і іншыя.

У Бабруйску ДУК «Палац мастацтваў г. Бабруйска» сумесна з цэнтральнай бібліятэкай праведзены адкрыты ўрок-прэзентацыя «Матчына мова», удзельнікі якога пазнаёміліся з гісторыяй гэтага дня, бібліятэчнай выставай «Мова народа – крыніца чыстая», паглядзелі відэапрэзентацыю «Асаблівасці беларускага народнага аддзення».
У Клічаве раённы Дом культуры арганізаваў акцыю «Любімая мова», у межах якой прайшла яшчэ і інтэлектуальная віктарына «Размаўляем па-беларуску». На працягу віктарыны, якая складвалася з пяці этапаў, удзельнікі шукалі адказы на пытанні, прыгадвалі прадметы і з’явы, перакладалі словы і словазлучэнні з рускай на беларускую мову, тлумачылі сэнс беларускіх слоў, спрабавалі правільна ўжываць фразеалагізмы, працягвалі фразу з вядомых вершаў.

Тэматычнае мерапрыемства «Беларускаму слову паклонімся» было арганізавана ва ўстановах адукацыі Касцюковіцкага раёна супрацоўнікамі раённага Цэнтра культуры і цэнтральнай бібліятэкі імя І.Чыгрынава. Школьнікі даведаліся аб гісторыі станаўлення і развіцця роднай мовы, нагадалі пар беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, якія з любоўю і павагай пісалі пра беларускаю мову. Для прысутных прагучалі вершы знакамітых беларускіх песняроў Юрася Свіркі, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Дубоўкі. Была праведзена гульня, у якой трэба было знайсці працяг беларускіх прыказак і прымавак.

У Кіраўскім раённым Цэнтры культуры і вольнага часу ў відыязале імя К.П. Арлоўскага прайшло тэматычнае мерапрыемства «Ад прадзедаў спакон вякоў…», падчас якога вядучыя правялі гульню-віктарыну «Мой родны кут». Усе прысутныя даведаліся пра тое, як родная мова «прабівала» сабе дарогу, пра тое, што нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана роўнай сярод іншых моў свету. Цікавай падзеяй стаў флэш-моб «Родная мова – вечнасці след», падчас якога ўдзельнікі выстраіліся ў форме сэрца, што сімвалізавала іх каханне да роднай мовы і Радзімы.

У Чэрыкаве прайшла інтэлектуальная гульня «Размаўляем па-беларуску». Каманды –удзельніцы спаборнічалі ў такіх конкурсах заданнях, як: «Прыгадваем», «Перакладаем», «Тлумачым», «Ужываем» і «Цытуем». Удзельнікі актыўна прымалі ўдзел у гульне, навыперадкі адказвалі на пытанні і праяўлялі непадробны інтарэс.

Родная мова – чыстая крыніца, якая дадзена кожнаму народу, каб жыць, тварыць і адчуваць сябе сапраўдным грамадзянінам свайго народу. Трэба берагчы і ахоўваць яе, каб не страціць сваю ўнікальнаць і самабытнасць.
Ганна Тузянкова, вядучы рэдактар УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР»