Метадычна-творчая гасцёўня «Не адракуся спадчыны сваёй», прысвечаная Дню роднай мовы, сабрала зацікаўленых асоб Краснапольшчыны
Час, праведзены ў гасцёўні, быў напоўнены роздумам аб стане роднай мовы і беларускамоўнай літаратуры; абменам вопытам па захаванні і папулярызацыі роднай мовы; сустрэчамі з цікавымі людзьмі; інтэрактыўнымі формамі па далучэнню да культурнай і моўнай спадчыны.
Удзельнікам гасцёўні былі прадстаўлены звесткі з гісторыі Дня мовы, які быў зацверджаны ў лістападзе 1999 года рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі сусветна вядомай арганізацыі ЮНЭСКА з мэтай аховы моўнай і культурнай разнастайнасці, аддадзена даніна павагі спадчыне Скарыны.

Значная ўвага ў рабоце метадычна-творчай гасцёўні была прысвечана засваенню шляхоў папулярызацыі роднай мовы, прыцягненню ўвагі да культурнай спадчыны і яе захаванню.
Спецыялісты раённай бібліятэкі падрыхтавалі і прэзентавалі выстаўку сучаснай беларускамоўнай літаратуры, падзяліліся вопытам выкарыстання ў рабоце разнастайных форм работы з кнігай, з родным словам.
У ходзе мерапрыемства клубныя работнікі цытавалі выказванні класікаў аб беларускай мове, а паэты-аматары Краснапольшчыны чыталі ўласныя вершы, прысвечаныя мове, Радзіме, яе дзеячам. Тут жа мясцовыя паэты атрымалі дыпломы і брашураваныя выданні, складзеныя з конкурсных вершаў. Справа ў тым, што напярэдадні Дня роднай мовы па ініцыятыве аматарскага паэтычнага аб’яднання «Світанак» (кіраўнік Валянціна Марчанка) і рэдакцыі раённай газеты «Чырвоны сцяг» (в. а. рэдактара Алёна Братачкіна) быў праведзены раённы паэтычны конкурс «Мы на матчынай мове жывём».
Сапраўдную моўную лабараторыю ўяўляе сабой фальклор і моўныя дыялекты.

У гасцёўні прыгожа і непаўторна прагучалі аўтэнтычныя песні вясновага цыклу ў выкананні жывога носьбіта фальклору з вёскі Пачапы Ніны Фядосаўны Яцутка.
Запрашаючы прысутных да захавання мовы праз захаванне фальклору, метадыст Марчанка В. А. прэзентавала сваю даследчую работу «Мова майго дзяцінства. Дыялекты», распавяла пра функцыі дыялектаў і іх значэнне.
Падкрэсліваючы важнасць захавання гэтай асаблівай лексічнай групы, аўтар падкрэсліла, што згубіўшы дыялектную мову мы страцім не менш, чым страцілі б, калі б не захавалі такія помнікі даўніны, як рукапісы, адзенне, прадметы працы і быта, хатняе начынне, якія так беражліва збіраецца і захоўваецца ў музеях, архівах, бібліятэках. Дыялекты – адзін са спосабаў вывучэння этнаграфічнага і культурнага развіцця, самабытнасці народа, захавання мовы. Да таго ж, дыялекты – крыніца літаратурнай мовы.

Праявіць веды па традыцыйнай культуры свайго народа, сваёй мовы і засвоіць адну з форм работы ўдзельнікі гасцёўні змаглі праз актыўны ўдзел у практычнай часткі гасцёўні. Такі інтэрактыўны занятак-конкурс быў арганізаваны музейнымі работнікамі, які правяла дырэктар Т. Ф. Каваленка. У конкурсе былі выкарыстаны музейныя экспанаты з падрыхтаванай выстаўкі. А ўдзельнікам гульні спатрэбілася актуалізаваць шмат сваіх ведаў па народным календары і беларускай мове.
Гасцёўню наведалі начальнік і спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А. М. Раманенка і С. М. Петрачэнка.
А. М. Раманенка адзначыла значнасць і насычанасць мерапрыемства, яго месца ў агульнай сістэме работы па захаванні роднай мовы і культурнай спадчыны, падзякавала ўсім яго ўдзельнікам і яго арганізатару Марчанка В. А.
Апошняй за вялікую працу і асабісты ўклад у захаванне і папулярызацыю беларускай мовы была ўручана падзяка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама.

Марчанка В. А., метадыст РЦК