НА КАЛЯДЫ ЛЮДЗІ РАДЫ
Праца селяніна была цяжкай і нуднай. Але ва ўсе часы сяляне ўмелі весяліцца, здымаючы тугу песняй, жартам, казкай, гульнёй. Сведкі таму – незлічоныя вусна-паэтычныя творы, складзеныя беларускім народам.
Час ідзе, а традыцыі не губляюцца.
На календары – Каляды. Стаяць маразы, а люд весяліцца. Звычай калядаваць і шчадраваць і сёння захоўваецца ў многіх вёсках Краснапольшчыны.
З зоркай калядуюць 6 студзеня вечарам, нагадваючы, што Хрыстос нарадзіўся, сын Божы, што ідуць святачкі – Раство, Васілле і Храшчэнне. А 13 студзеня, перад Васіллем (Стары Новы Год, Шчодры), – шчадруюць, стварыўшы калядныя гурты калядоўшчыкаў.
Калядоўшчыкі вядуць Казу, апранаюцца па-святочнаму, наведваюць хаты, спяваюць песні, жадаюць гаспадарам дабрабыту і шчасця, добрага ўраджаю і здароўя, атрымліваюць падарункі ад гаспадароў – цукеркі, арэхі, сала, каўбасы.
Звычаі калядавання і шчадравання падтрымліваюць работнікі клубных устаноў раёна. Акрамя таго, у калядны час яны ладзяць разнастайныя па форме мерапрыемствы: фальклорныя абрадавыя праграмы, тэатралізаваныя прадстаўленні, пазнавальныя гадзіны, вячоркі з варажбой, гульнёвыя праграмы з каляднымі варожбамі, выстаўкі, калядныя экспазіцыі ў этнахатках і інш. Праз іх пашыраюцца веды пра традыцыйную спадчыну продкаў, ідзе далучэнне да яе, задавальняецца цікаўнасць.
Як гэта атрымліваецца? Каб пра тое даведацца, лепш наведаць клубныя ўстановы. Паспяшыце, не прапусціце гэтыя пазнавальныя і цікавыя дзеі, а яшчэ лепш – станьце іх удзельнікамі.
Нам давялося зазірнуць у Яноўскі СДК. Для вас, дарагія чытачы, мы зрабілі фота – радасцю і прыгажосцю трэба дзяліцца!
У музейным этнаграфічным пакоі Яноўскага СДК адбылася абрадавая калядная праграма, насычаная многімі абрадавымі элементамі, з якімі і імкнуліся пазнаёміць прысутных арганізатары праграмы. Гэта мерапрыемства давялося наведаць і замежным гасцям – дэлегацыі з Германіі. Госці з цікаўнасцю знаёміліся з культурай беларусаў – самабытнай і неўміручай. Беларускі народ не ганьбіць чужое, але ўмее любіць і цаніць сваё! Віншуем усіх са святамі! Няхай вам шчасціць, добрыя людзі!
Валянціна Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”