На Краснапольшчыне 24 кастрычніка адбыліся I рэгіянальныя краязнаўчыя чытанні “Мой край: вядомы, невядомы”

Як прызналася арганізатар мерапрыемства метадыст РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” В. А. Марчанка, ідэя правядзення краязнаўчых чытанняў, тым больш рэгіянальных, даўно не давала ёй спакою. Па-першае, у гісторыі Краснапольшчыны, а дакладней, у 2005 годзе была спроба правядзення краязнаўчых чытанняў. Гэта былі першыя краязнаўчыя чытанні краязнаўцаў малых мястэчак Магілёўшчыны, ініцыятарам і арганізатарам якіх тады выступіў Л. В. Лабаноўскі, знакаміты краязнаўца Краснапольшчыны, настаўнік, аўтар кніг па гісторыі Краснапольскага раёна, які ўжо пайшоў з жыцця. Па-другое, фальклорна-этнаграфічная, гістарычная спадчына Краснапольшчыны працягвае адкрываць свае багацці і таямніцы, дзякуючы аматарам-краязнаўцам Краснапольшчыны – спецыялістам устаноў культуры і адукацыі і патрабуе шляхоў яе актуалізацыі і папулярызацыі. Па-трэццяе, усходняя частка Магілёўскай вобласці і памежныя з ёй раёны Бранскай вобласці – гэта тэрыторыя з адзінай і цеснай культурна-гістарычнай прасторай, таму краязнаўчыя знаходкі, вопыт краязнаўчай работы, якімі можна абмяняцца на чытаннях, здольныя зацікавіць і быць карыснымі для ўдзельнікаў чытанняў з розных памежных раёнаў і ўстаноў, якія прымуць у іх удзел. Па-чацвёртае, хацелася зрабіць значную і важную падзею ў культурным жыцці Краснапольшчыны ў Год малой радзімы. Па-пятае, рэалізацыя ідэі адпавядае плану мерапрыемстваў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” у рамках XI Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня – 2020”. І вось ідэя рэалізавалася і пачала свой адлік з правядзення I рэгіянальных краязнаўчых чытанняў на Краснапольшчыне “Мой край: вядомы, невядомы”.
Удзельнікаў чытанняў вітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама А. М. Раманенка. На мерапрыемства былі запрошаны спецыялісты клубных і навучальных устаноў, музеяў, бібліятэк і іншыя зацікаўленыя асобы памежнага руска-беларускага рэгіёна, адным словам тыя, хто з’яўляецца збіральнікамі, захавальнікамі і праваднікамі культурных традыцый, летапісцамі роднага краю.
У фае РЦК гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства сустракалі аўтэнтычнай песняй з рэпертуара народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі” Горскага СДК, якія паглыблялі ў прыгожы і бясконцы свет мудрасці і таленту продкаў краснапольскай зямлі. Яшчэ адным сродкам знаёмства з краснапольскай зямлёй сталі вершаваныя радкі мясцовага паэта пра гэту зямлю і відэафільм, заснаваны на гістарычнай аснове.
На чытанні было заяўлена 5 тэм у розных намінацыях: “Народная культура”, “Этнаграфія”, “Фальклор”, “Гісторыя”, “Вопыт краязнаўчай дзейнасці”.
У намінацыі “Народная культура” унікальнае даследванне адзення краснапольскага краю першай паловы XX стагоддзя, на аснове сабраных на тэрыторыі раёна музейнымі работнікамі фотаздымкаў, зрабіў старэйшы навуковы супрацоўнік ДУК “Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей” В. І. Лазовік. Дакументальнае паглыбленне ў натуральны свет жыцця краснапальчан мінулага стагоддзя ўразіла слухачоў і выклікала іх цікаўнасць, а яшчэ – падказала сродак і крыніцу для даследванняў.
У намінацыі “Этнаграфія” сваю краязнаўчую работу на тэму “Этнаграфічныя рэаліі бытавання традыцыйнага народнага касцюма ва ўмовах памежжа. Краснапольскі строй” прадставіла метадыст 1-й катэгорыі РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” В. А. Марчанка. У сваёй працы яна даследвала лакальныя асаблівасці традыцыйнага народнага касцюма, набытыя на аснове ўзаемадзеяння культур. Даследванне яна правяла праз параўнанне асобнікаў адзення памежных тэрыторый у ходзе ўласнай экспедыцыйнай практыкі і на аснове прац наукоўцаў. У якасці пасляслоўя да свайго даклада яна прачытала ўласны верш, прысвечаны дарагім сэрцу святыням, да якіх адносіць мову, матчыну песню, льняныя палотны ручнікоў, даматканы строй.
Аўтэнтычныя песні ў выкананні носьбіта фальклору В. П. Картузовай упэўнілі гледачоў, у якім суладдзі паміж сабой знаходзяцца народны касцюм і народная песня.
У намінацыі “Фальклор” аб народнай песні касцюковіцкай зямлі з глыбокім імпэтам і любоўю паведала С. М. Захаранка, намеснік дырэктара ДУК “ЦКС Касцюковіцкага раёна”. Святлана Мікалаеўна шмат часу і ўвагі ўдзяляе збіранню мясцовага фальклору, актыўна адшуквае шляхі і сродкі ўвядзення яго ў жыццё. Яна падзялілася і вопытам рэалізацыі творчых праектаў, раённых фестываляў, народных святаў. З гонарам Святлана Мікалаеўна прадставіла сямейна-роднасную групу “Радня”, якая ў сваю чаргу дала магчымасць пачуць жывыя галасы спеўнай касцюковіцкай зямлі.
Першая частка краязнаўчых чытанняў завяршылася інтэрактыўнай гульнёва-пазнавальнай праграмай “Гульні нашых продкаў”, якую правялі метадыст Марчанка В. А. і носьбіт музычнага фальклору, майстар ігры на гармоніку В. М. Саранкоў. Гэта праграма – вопыт папулярызацыі фальклорна-этнаграфічнай спадчыны. Па дадзенаму напрамку метадыст сістэмна праводзіць мэтанакіраваную работу з клубнымі работнікамі: ладзіць семінары-практыкумы, адкрытыя прагляды, конкурсы. Вось і ў гэтым годзе быў праведзены конкурс прафесійнага майстэрства “Шануй сляды мінулага”, і быў абагульнены вопыт работы этнахатак клубных устаноў.
Пасля перапынку ў форме вулічнага флэш-моба краязнаўчыя чытанні былі працягнуты ў намінацыях “Гісторыя” і “Вопыт краязнаўчай дзейнасці”.
На працягу года нястомна “гартала” старонкі гісторыі бібліятэкар Краснапольскай раённай бібліятэкі імя Ткачова Н. М. Басянкова, якая працавала над краязнаўчым праектам “Женское лицо Победы”. Яна адшуквала факты ўдзелу ў Вялікай Айчыннай вайне жанчын – ураджэнак Краснапольшчыны. Басянкова Н. М. прэзентавала і іншыя праекты і краязнаўчыя выданні бібліятэкі, іх адрасную накіраванасць.
Цікавыя даследванні і вопыт работы прадставілі на чытаннях госці з Расійскай Федэрацыі – спецыялісты Муніцыпальнай бюджэтнай установы культуры “Краснагорская міжпасяленчая раённая бібліятэка”. Бібліятэкар Лецяхоўскай бібліятэкі, структурнага падраздзялення МБУК “Краснагорская МЦРБ” Н. І. Ласая распявала пра вынікі праектнай дзейнасці сваёй установы па вывучэнню калгаснага руху ў в. Лецяхі Краснагорскага раёна і падзялілася метадамі свайго даследвання, параіла свае напрацоўкі суседзям-краязнаўцам.
“Бібліятэка – захавальнік гісторыі роднага краю” – тэма выступлення з вопыту работы Муніцыпальнай бюджэтнай установы культуры “Краснагорская міжпасяленчая раённая бібліятэка”, якую грунтоўна і падрабязна раскрыла метадыст гэтай установы Т. В. Круглікава. Выступленне выклікала вялікую цікаўнасць прысутных, прыцягнула ўвагу формамі і метадамі работы, краязнаўчымі праектамі, методыкамі пошукавай і даследчай практыкі. Для кожнай катэгорыі слухачоў чытанняў прадстаўлены вопыт, як знаходка, бо на сённяшні дзень функцыі клубных і бібліятэчных устаноў, устаноў адукацыі вельмі зблізіліся.
Цікаўнасць і ўвагу выклікалі і прэзентацыі выстаў краязнаўчай літаратуры. Як было адзначана, багатую краязнаўчую літаратуру па гісторыі Краснапольшчыны пакінуў настаўнік гісторыі Краснапольскай сярэдняй школы Л. В. Лабаноўскі. Яго спадчына ўвасобілася ў дзясятак выдадзеных кніг. Іх і прэзентавала Краснапольская раённая бібліятэка.
Сваю выдавецкую прадукцыю па праведзеных даследваннях фальклорна-этнаграфічнай спадчыны Краснапольшчыны прэзентавала В. А. Марчанка, чалавек нястомны ў сваіх пошуках і краязнаўчых даследваннях, зацікаўлены ў пошуках шляхоў папулярызацыі гэтай спадчыны і яе зберажэння.
Удзельнікам чытанняў былі прапанаваны экскурсія ў Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей і выстаўка РДР “Захаваная спадчына краю”.
У кожнага – свая малая радзіма. Любоўю да яе гісторыі і культуры, да людзей, якія жылі і жывуць на гэтай зямлі, гонарам за свой край былі пранізаны ўсі выступленні і мерапрыемствы на краязнаўчых чытаннях. Удзельнікі чытанняў пры падвядзенні іх вынікаў былі адзначаны дыпломамі і сертыфікатамі, якія ўручыла старэйшы інспектар аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі С. М. Петрачэнка. Ёсць спадзяванне, што краязнаўчыя чытанні на Краснапольшчыне стануць рэгулярнымі і будуць пашыраць кола ўдзельнікаў.
Нацыянальнага гонару няма без нацыянальнай памяці. Нацыянальная памяць праяўляецца не толькі ва ўспамінах, але і ў жаданні захаваць гэтыя ўспаміны, у імкненні ажывіць тое, да чаго дакрануўся, каб пазбегнуць абвінавачвання нашчадкамі нас у абыякавасці.









Валянціна Марчанка, метадыст 1-й катэгорыи РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”