На Краснапольшчыне завяршыўся сацыяльна-культурны праект «Шануй сляды мінулага»
25 мая выніковым семінарам на тэму «Музейны этнаграфічны пакой як комплексная форма сацыяльна-культурнай дзейнасці» завяршыўся на Краснапольшчыне сацыяльна-культурны праект «Шануй сляды мінулага».
Гэты праект быў накіраваны на стварэнне ўмоў па захаванню і актуалізацыі этнаграфічнай спадчыны свайго рэгіёна, засяроджанай у этнаграфічных пакоях СДК, праз пошукава-збіральную, экспазіцыйна-выставачную, асветніцкую, творчую, праектна-даследчую дзейнасць.
Вынікі праекта, які доўжыўся з лютага па май уключна, былі падведзены і праз раённы конкурс этнаграфічных пакояў СДК, у ходзе якога спецыялісты глядзелі адкрытыя паказы мерапрыемстваў калег.
У плане рэалізацыі праекта адпаведна яго задачам былі вызначаны такія накірункі дзейнасці:
- павышэнне прафесійнага ўзроўня клубных работнікаў па збіральнай, даследчай, экспазіцыйнай, творчай, метадычнай дзейнасці;
- засваенне методык і тэхналогій па актуалізацыі і папулярызацыі этнаграфічнай спадчыны праз арганізаваную метадычную вучобу, самаадукацыю, абмен вопытам, раённы конкурс;
- папаўненне этнаграфічных куткоў і пакояў, створаных на базе СДК, натуральнымі этнаграфічнымі прадметамі праз правядзенне этнаграфічных экспедыцый;
- актуалізацыя этнаграфічнай спадчыны, яе папулярызацыя для розных слаёў насельніцтва;
- папулярызацыя праектнай дзейнасці і дзейнасці этнаграфічных куткоў і пакояў СДК праз СМІ, выдавецкую прадукцыю, удзел у мерапрыемствах, прасоўванне праектнай ініцыятывы;
- ацэнка вынікаў праектнай ініцыятывы.
Адным са значных вынікаў праекта з’яўляецца тое, што спецыялістамі СДК засвоены новыя тэхналогіі і актыўныя формы дзейнасці па папулярызацыі і актуалізацыі этназбораў, напрацаваны сцэнарныя і метадычныя матэрыялы, якія дапамогуць праводзіць работу з дзецьмі і якія даюць адказы на пытанні: якія звычаі і як адбываліся; як выглядалі рэчы, якія стагоддзі назад акружалі нашых продкаў, – іх прылады працы, гаспадарчыя прылады, адзенне, упрыгожванне быту, інш. Адказы на гэтыя пытанні ўмацоўваюць сувязь часоў, вяртаюць страчаныя каштоўнасці.
Сацыяльна-культурны праект «Шануй сляды мінулага» і набыты вопыт упэўніваюць, што этнакуткі – эфектыўнае функцыянальнае развіццёвае асяроддзе для цэласнай сістэмы ўспрымання падрастаючым пакаленнем каштоўнасцей народнай спадчыны, для ўстанаўлення сувязі часоў, засваення лепшага з вопыту, назапашанага нашымі мудрымі продкамі на працягу стагоддзяў.
Марчанка В. А., метадыст па традыцыйнай культуры раённага Цэнтра культуры ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна»