“На Пісьмянковым лузе” сустрэліся ізноў Паэзія і Музыка – зліянне нот і слоў!...”
У першы дзень свята для гасцей была арганізавана экскурсійная праграма “Па шляхах вядомых землякоў”. Маршрут экскурсіі праходзіў праз Касцюковіцкі краязнаўчы музей, літаратурны музей А. Куляшова ў аграгарадку Новыя Саматэвічы і Студзянецкую святую крыніцу. Апошнім прыпынкам першага святочнага дня стаў гісторыка–культурны аб’ект “Пісьмянкоў луг” на беразе ракі Бесядзь у вёсцы Бялынкавічы, дзе адбыліся Пісьмянкоўскія чытанні. У мерапрыемстве прынялі ўдзел ганаровыя госці свята: знакамітыя пісьменнікі-землякі, сваякі вядомых беларусскіх пісьменнікаў А. Куляшова, А. Русецкага, А. Пісьмянкова, прадстаўнікі творчай інтэлегенцыі з суседніх абласцей рэспублікі і сталіцы, а таксама госці з суседняй Бранскай вобласці Расіі і са Смаленшчыны. Шмат цёплых слоў, успамінаў, віншаванняў і вершаў прагучала ў гэты дзень са сцэны.
Галоўныя падзеі свята адбыліся на наступны дзень. На цэнтральнай плошчы горада на сцэне амфітэатра прайшло ўрачыстае адкрыццё свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, дзе галоўнымі гераінямі былі Музы. Гасцей і ўдзельнікаў конкурсаў віталі старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Дзмітрый Віктаравіч Малашанка, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы А.А. Галушка, дырэктар установы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы” А.Ф. Хмялькоў і іншыя ганаровыя госці. На свята і на сваю маленькую радзіму завітаў пісьменнік-зямляк, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы грамадзянін горада Касцюковічы Леанід Левановіч. Леанід Кірэевіч шчыра павіншаваў усіх прысутных з гэтай знакавай падзеяй у культурным жыцці вобласці, выказаў сваё захапленне і ўраджанне ад пабачанага на свяце. Праз некалькі хвілін на сцэне пачалося музычнае спаборніцтва паміж удзельнікамі конкурсу аўтарскай песні. Непадалёк прыцягвалі ўвагу яркімі фарбамі літаратурныя выставы, якія таксама ацэньваліся прафесійным журы. Тут жа на плошчы размясцілі свае вырабы ўдзельнікі конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У гарадскім скверы, у прахалодным цяньку працавала дзіцячая пляцоўка. Маладыя выканаўцы дарылі слухачам свае лепшыя песні, вершы і інструментальныя кампазіцыі.У гэты дзень музыка і песні не змаўкалі не на хвіліну.
Сапраўдным падарункам для Касцюковіцкіх жыхароў стала канцэртная праграма “Галасы Прыбяседдзя”, дзе сваё майстэрства прадэманстравалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Крычаўскага, Горацкага, Хоцімскага і Клімавіцкага раёнаў. Вечарыну паэзіі “На таленты багатая зямля” чакалі з хваляваннем і надзеяй усе ўдзельнікі конкурсаў. Бо пасля тэматычнай часткі пачалася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсаў паэзіі, аўтарскай песні, літаратурных выстаў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Шчаслівыя ўладальнікі Дыпломаў першай ступені праспявалі на “біс” свае песні, прачыталі вершы. Нечаканы і вельмі прыемны сюрпрыз для мясцовай паэткі Наталлі Азаранка падрыхтаваў старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Уладзіміравіч Дуктаў, які голасна абвясціў, што Наталля Азаранка прынята ў члены “Саюза пісьменнікаў Беларусі”! Гэта нагода для гонару ўсяго раёна. Увечары касцюкаўчан чакаў яшчэ адзін музычны падарунак – паўтарагадзінны канцэрт калектыву “Гуляй казак” з Мінску. Стомленыя за спякотны і багаты на падзеі дзень гледачы, зноў “ажывіліся” пад запальныя песні “Беларускіх казакоў”.
Наталля Дробышава, намеснік дырэктара Дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Касцюковіцкага раёна”
Фота Людмілы Смаляковай, фотакарэспандэнта раённай газеты “Голас Касцюкоўшчыны”