ПРА “ЗЯЗЮЛЮ” І НЕВЫЧЭРПНУЮ КРЫНІЦУ
Тое, што беларускі фальклор з’яўляецца невычэрпнай крыніцай сілы нашага народа, яго мудрасці, прыгажосці і неўміручасці, ўдзельнікі арт-праекта “Фальклорны жыццявір”, які ажыццяўляе ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, зноў змаглі ўпэўніцца праз наведванне клубных устаноў Ленінскага і Горскага сельскіх Дамоў культуры.
Гэтыя клубныя ўстановы зрабілі творчыя справаздачы, праграмы, якія асвятлялі розныя бакі клубнай дзейнасці па захаванню і папулярызацыі традыцыйнай культуры, фальклорнай спадчыны сваіх куткоў, што знаходзяцца на памежжы з Расіяй.
Ленінскій сельскі Дом культуры спачатку запрасіў у фальклорна-этнаграфічны экскурс. У ходзе яго былі прадстаўлены этнаграфічныя зборы – тэкстыль, прадметы быту, ганчарная калекцыя, бачна, нездарма раней вёску называлі Глініца, а жыхароў “глінічанамі”, а яшчэ – “гаршэчнікамі”. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Зрабіць экскурс у мінулае цікавым і насычаным дапамагалі, акрамя мастацкіх, матэрыялы краязнаўчых даследванняў, якія старанна збіраюць клубныя і бібліятэчныя работнікі вёскі Леніна. Кандраценка А.У., культарганізатар Ленінскага СДК, і Каваленка Г.М., мясцовы бібліятэкар, пад час экскурса шчодра дзяліліся імі з калегамі.
Пра тое, што народнае мастацтва працягвае сваё жыццё, сведчыла і багатая выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут былі прадстаўлены дасканала рамесныя дэкаратыўныя вырабы, створаныя рукамі членаў клубнага фарміравання і яго кіраўніка Кандраценка А. У. Праз выставу можна было ўпэўніцца, что традыцыйныя тэхнікі – пляценне, вышыванне, выраб кветак – захоўваюцца, а рамёствы развіваюцца з улікам патрэб і магчымасцей сучаснасці. Вырабы змяняюць сваё прызначэнне, ці для іх выкарыстоўваюцца новыя матэрыялы – фоаміран, джутавыя ніткі, поліэтылен і інш.
У наведвальнікаў Ленінскага СДК была магчымасць пагутарыць і з творчымі асобамі вёскі, якія захапляюцца ДПМ і рамёствамі. Шчодра дзяліліся вопытам Каваленка Г.М., якая вырабляе для патрэб і для душы лялькі-абярэгі з кавалачкаў тканіны, і Шамянкова І.М., якая здзівіла кветкавымі кампазіцыямі з паліэтылену, апрацаванага гарачым прасам.
А потым вясковыя спявачкі і аматары фальклору зрабілі паказ сямейнай абраднасці – “Адведкі”, дзе да слёз кранала і дзейства, і аўтэнтычныя спевы жанчын. Пісарава Наталля пранікнёна і чыста спявае песню “Што й-та дзверачкі адчыняюцца”, потым да яе далучаюцца іншыя спявачкі і гучыць ужо песня “Што й у полі тры дарожкі розных”. Наталля засвоіла песні ад сваёй маці, а сёння перадае сваё фальклорнае багацце сяброўкам і малодшаму пакаленню “глінічан”.
Горскі сельскі Дом культуры сваю праграму таксама арыентаваў на паглыбленне да сваіх каранёў, да чаго заклікае і Год гістарычнай памяці. З гонарам былі прадстаўлены каштоўныя культурна-гістарычныя і культавыя аб’екты, на якія багаты гэты куток Краснапольшчыны і якія даследваюцца і папулярызуюцца клубнымі работнікамі.
Яшчэ адно багацце вёскі Горы – таленавітыя асобы і носьбіты фальклору, мясцовыя майстры. З некаторымі з іх адбылося знаёмства, а загадчыцай установы Гомаравай В.І. былі акрэслены іх ролі ў захаванні, перадачы ў спадчыну фальклорнага багацця свайго кутка. Гучалі перанятыя ад носьбітаў песні, паданні, дэманстраваліся рамесныя вырабы майстоў і членаў клубнага фарміравання па ДПМ, якіх з любоўю навучае Васількова Л.У., культарганізатар Горскага СДК. А потым быў паказан фрагмент фальклорнай праграмы “Капустная талака”, які яскрава прадэманстраваў быт і сямейны клопат вяскоўцаў – размераны і гарманічны з усім навакольным светам.
Зразумела, што па народнай традыцыі талака завяршылася частаваннем. І былі тут і піражкі з капустай, і капуста смажаная, і бульба, і бабка – страва з таркаванай бульбы, якая набыла статус культурнай спадчыны Беларусі. Вось тут мы і дазналіся, што называлася бабка ў навакольных вёсках гэтага кутка па-рознаму – у Палядках “зязюляй”, а ў Кібіршчыні – гэта ўжо за мяжой – “чудаком”.
Што мне застаецца дадаць? Што вучыцца можна і ў малых справах, а тварыць – і ў цесным вуглу.
Валянціна Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуре РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”