ПРАКТЫКІ ЗАХАВАННЯ І РАЗВІЦЦЯ ТРАДЫЦЫЙНАЙ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ
Практычны семінар на тэму “Практыкі захавання і развіцця традыцыйнай народнай творчасці” адбыўся на Краснапольшчыне ў рамках правядзення фестывалю народных промыслаў і рамёстваў “Краснапольскі глечык” 24 жніўня 2024 года.
Слухачамі канферэнцыі сталі зацікаўленыя асобы з ліку майстроў-рамеснікаў і іншыя прадстаўнікі ўстаноў культуры Краснапольскага, Крычаўскага, Касцюковіцкага, Чэрыкаўскага, Чавускага, Слаўгарадскага і іншых раёнаў усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці.
У ходзе канферэнцыі адбыўся абмен вопытам майстроў, а выступленні яе ўдзельнікаў адказвалі на наступныя пытанні: вывучэнне і папулярызацыя традыцыйных рамёстваў; адаптацыя народных рамёстваў у сучасным свеце; новыя формы выражэння і функцыянальнага прымянення традыцыйных рамёстваў; фарміраванне інтарэсу маладога пакалення да народных рамёстваў і інш.
Пра асаблівасці становішча і развіцця рамяства апрацоўкі драўніны ў сучасным грамадстве разважаў народны майстар, настаўнік працоўнага навучання ДУА “СШ г. п. Краснаполле” А. В. Ганчарэнка. Ён падзяліўся і вопытам па далучэнню да рукатворнага рамяства падрастаючага пакалення.
Пра свой педагагічны пошук і рэалізацыю творчых ідэй ў рабоце з дзецьмі праз вывучэнне такога віду ДПМ як выцінанка паведала педагог дадатковай адукацыі ДУА “Краснапольскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці” М. М. Баравік.
З сучаснымі практыкамі развіцця і папулярызацыі рамеснай творчасці з талашу (абгортачных лістоў кукурузных катахоў) у Краснапольскім раёне пазнаёміла метадыст па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК В. А. Марчанка.
Вопытам актуалізацыі такога віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як выраб цацкі з ваты (ватнае пап’е-машэ), гісторыяй цацкі і асаблівасцямі яе вырабу падзялілася А. Ю. Арцюхова, майстар народных мастацкіх рамёстваў аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУК “ЦКС Слаўгарадскага раёна”.
Народнае мастацтва – бясцэнная духоўная спадчына
Сёння мінулае адкрываецца і ацэньваецца наноў. Адно застаецца нязменным – гэта любоў да прыгожага, якая спакон вякоў уласціва чалавеку.
Да канферэнцыі была падрыхтавана выстаўка “Злучаючы мінулае з сучасным”. На ёй была прадстаўлена метадычная літаратура з вопыту работы метадычнага аддзела ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, праз якую можна было пазнаёміцца з даследваннямі па рамеснай спадчыне і шляхамі вывучэння і ўзнаўлення рамёстваў на Краснапольшчыне, з асаблівасцямі і тэхнікамі многіх рамёстваў і ДПМ, вопытам рэалізацыі метадычнай і творчай работы па папулярызацыі майстроў і рамёстваў. На выстаўцы была прадстаўлены і кніжныя выданні па тэме, якімі забяспечаны метадычны аддзел Краснапольскага РЦК.
Шмат рамеснай прыгажосці было прадстаўлена на выстаўках удзельнікаў фестывалю “Краснапольскі глечык”, якія развярнуліся ў гарадскім скверы.
Сёння ад народнага майстра патрабуецца не толькі высокае тэхнічнае майстэрства, але і асэнсаваныя творчыя адносіны да сваёй творчасці, паглыбленне ў гісторыю і мастацкую культуру рамяства, у якім працуе майстар. А яшчэ на сённяшні дзень стаіць задача не толькі захаваць традыцыйныя рамёствы, але і знайсці ім месца ў сучасным свеце. І майстрамі праводзіцца работа па пераводу традыцыйных рамёстваў у сучасныя, даступныя і зразумелыя формы існавання ў грамадстве. Уносячы змены ў традыцыі продкаў, мы тым самым працягваем іх жыццё. Рамёствы арганічна ўваходзяць у сучасны быт і працягваюць развівацца, захоўваючы традыцыі і набываючы новыя рысы.
Зварот да народнай творчасці дзяцей і моладзі мае вялікае значэнне ў іх эстэтычным, маральным і патрыятычным выхаванні. Уцягненню падрастаючага пакалення ў дзейнасць па захаванню традыцыйных рамёстваў спрыяе вывучэнне гісторыі рамёстваў і промыслаў, практычнае значэнне рамяства, удзел у практычнай дзейнасці і прапагандзе народнай культуры праз самыя розныя формы.
Такія думкі ўвайшлі ў рэзалюцыю канферэнцыі, з якой пазнаёміла прысутных арганізатар і мадэратар канферэнцыі В. А. Марчанка, метадыст 1-й катэгорыі па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК.
Выступіўшыя на канферэнцыі былі адзначаны дыплома Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”