Сацыяльна-творчая акцыя «Духоўная спадчына малой радзімы» адбылася ў Краснапольскім раёне
Акцыя правадзілася ў рамках праекта «Забытае ўваскрашаецца» і з мэтай пашырэння кругагляду спецыялістаў сельскіх Дамоў культуры раёна аб духоўнай і культурнай спадчыне Краснапольшчыны, азнаямлення з іміджавымі праявамі культурна-гістарычнай спадчыны раёна, з мэтай арганізацыі культурнага дасуга жыхароў аддаленых вёсак, абмену вопытам работы па ўдасканаленню дзейнасці ўстаноў культуры і пошуку шляхоў фарміравання іх станоўчага іміджу. Яе ўдзельнікамі сталі спецыялісты СДК Краснапольскага раёна.
У праграму акцыі ўвайшла экскурсія ў вёску Выдранка, якая мае гісторыю, багатую на падзеі і цікавыя факты, і ў якой захаваліся культурна-гістарычныя і прыродныя помнікі мінулых вякоў. Да іх адносяцца шматвяковыя дубы, храм Дзмітрыя Растоўскага, гарадзішча ранняга жалезнага веку, якое знаходзіцца на левым беразе ракі Каўпіта (адно з трох, выяўленых на тэрыторыі Краснапольшчыны).
Метадыст Марчанка В. А., якая на працягу доўгага часу займалася даследваннем гісторыі вёскі і выдала брашуру пад назвай «Большая история маленькой деревни», задаволіла цікаўнасць удзельнікаў акцыі і правяла экскурсію, у ходзе якой паведаміла пра ўладальнікаў вёскі, асаблівасці гаспадарання ў XIX – пачатку XX стагоддзя, пра такія гістарычныя падзеі, як хваляванні 1905-1906 гадоў, час рэпрэсій, нагадала факты з жыцця вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівае месца ў экскурсіі заняла гісторыя мясцовага храма і легенды, звязаныя з яго будаўніцтвам і жыццём.
Для жыхароў вёскі Выдранка ўдзельнікі акцыі прапанавалі сваю мастацкую творчасць – канцэрт «Не пражыць без цябе мне, радзіма». Тэматыка канцэрта была блізкай і зразумелай жыхарам гэтай вёскі, бо менавіта яны, не гледзячы на небяспеку жыцця на забруджанай пасля Чарнобыльскай катастрофы зямлі, засталіся жыць на сваёй малой радзіме.
Наступным момантам акцыі было наведванне Халмянскага СДК, дзе ўдзельнікі пазнаёміліся з вопытам арганізацыі дзейнасці этнаграфічнага музейнага пакоя і новымі формамі яго работы.
Завяршэннем акцыі стала дзелавая гульня «Імідж маёй установы», у ходзе якой ўдзельнікі імкнуліся падзяліцца лепшым са «схованак» свайго вопыту і вызначыць перспектыўныя напрамкі дзейнасці кожнай клубнай установы раёна.
Марчанка В. А., кіраўнік праекта, метадыст раённага цэнтра культуры ГУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна»