Свята Купалля у Александрыі
Купалле… чароўнае і, безумоўна, самае прыгожае свята беларускага народнага календара. Гэта час найбольшага росквіту прыроды, калі зямля дыхае сілай, перадаючы сваю энергію ўсяму жывому. Менавіта на Купалле зёлкі маюць асаблівую гаючую сілу, вада пераўтвараецца ў цудоўны эліксір маладосці, агонь атрымлівае вялікую ахоўную і ачышчальную моц, а кожнае слова, прамоўленае ўслых, робіцца замовай.
Яшчэ адна рыса, уласцівая Купаллю – гэта свята, якое ніколі не сустракаецца чалавекам у адзіноце. Для таго, каб ахоўныя сілы “спрацавалі”, а замовы падзейнічалі, неабходна сустракаць яго ўсёй грамадой, і чым больш людзей прыме ўдзел у святкаванні, тым мацнейшым будзе станоўчае ўздзеянне на кожнага асобнага чалавека і на грамаду ў цэлым.
Таму сама ідэя маштабнага святкавання Купалля на рэспубліканскім узроўні мае глыбокі магічны і сімвалічны сэнс. Бо, сыходзячы з народных уяўленняў аб гэтым свяце, чым больш шырока мы сустрэнем Купалле, тым лепш гэта паўплывае на ўсіх нас, на ўраджай, развіццё краіны! І ўжо не першы год арганізатары свята назіраюць, што такая магія – працуе.
Свята ў Александрыі, па задуме арганізатараў, праходзіла пад дэвізам “Днепр – рака сяброўства!”. Гэтаму ёсць падстава: з даўніх часоў Днепр, як срэбраная стужка, звязвае паміж сабой тры вялікія славянскія народы – беларускі, рускі і ўкраінскі. Таму традыцыйна ў свяце прымалі ўдзел майстры і творчыя калектывы з Расіі і Украіны.
Адной з галоўных дзей свята “Купалле” з’явіўся Александрыйскі кірмаш, на якім адбылася шумная, пярэстая “сустрэчу трох кірмашоў”: Сарочынскага кірмаша, што аб’яднаў пад святочным небам вытворцаў з Украіны, Ніжагародскага кірмаша, які з’яўляецца своеасаблівай “візітнай карткай” Расіі, і беларускага Александрыйскага кірмаша. У вялікім кірмашы прымалі ўдзел майстры з Ніжагародскай, Калінінградскай, Смаленскай абласцей Расійскай Федэрацыі, а таксама з гарадоў Чарнігаў, Чарнаўцы і Цярнопаль, што на Украіне.
Беларускі кірмаш, па задумцы арганізатараў, меў адной з галоўных мэт паказаць вялікае багацце беларускай культуры – дэкаратыўна-прыкладнога і фальклорна-абрадавага.
Пры ўваходзе на кірмаш гасцей свята, па традыцыі, чакалі хлеб ды соль ад прадпрыемстваў хлебнай прамысловасці. Кожнаму, хто набываў араматны купальскі хлеб, хлебапекі абяцалі здароўе, шчасце і багацце на цэлы год.
Калі пшанічны і жытнёвы хлеб заўсёды вяршэнстваваў на беларускім стале, то другое пачэснае месца ўжо даўно і аснавальна замацавалася за бульбай. На творчай пляцоўцы “Гасцёўня бульбаша” клубнымі ўстановамі Шклоўскага, Хоцімскага, Краснапольскага і Глускага раёнаў ладзілася свята беларускай бульбы. Аматарам бульбы тут было на што паглядзець і чым разжыцца! У “Гасцёўні бульбаша” прайшлі конкурсы па намінацыях “Арыгінальная страва”, “Лепшы аб’ёмны тэатральны касцюм”, “Лепшая гульнёвая праграма на тэму “Беларуская бульба”, “Лепшая прыпеўка, прысвечаная беларускай бульбе”.
Міні-свята “Чароўныя карункі” прадставіла для гасцей Купалля экспазіцыю работ майстроў па вышыўцы, ткацтве, карункавязанні, вырабе тэкстыльнай лялькі. Выстава вырабаў майстроў вобласці знаёміла гледачоў з беларускім ручніком і рэгіянальнымі строямі Магілёўшчыны.
На тэматычнай эспазіцыі “Залатая саломка” дэманстраваліся вырабы з “сялянскага золата” – саломкі: саламяныя цацкі, дэкаратыўныя пано, а таксама прадметы побыту і інтэр’ерныя аб’екты, вырабленыя з саломкі або аздобленыя ёй.
На міні-свяце “Глушанский хуторок” шырокай увазе наведвальнікаў быў прадстаўлены багаты асартымент вырабаў майстроў па кераміцы Бабруйскага, Клімавіцкага, Чавускага, Крычаўскага раёнаў: сталовы посуд, а таксама сувеніры з гліны, сярод якіх значнае месца займалі свістулькі – старадаўні славянскі абярэг. Часцей за ўсё на кірмашы сустракаліся гліняныя коні і птушкі, бо, як вядома, конь здаўна лічыцца сімвалам шчасця, сонца, а сімвалам дамашняга агменю і дабрабыту з’яўляюцца фігуркі птушак.
Пляцоўка “Сялянскі двор” уяўляла сабой рэканструкцыю вялікага сялянскага двара. Арганізатары пляцоўкі – клубныя ўстановы Касцюковіцкага, Слаўгарадскага, Дрыбінскага, Магілёўскага раёнаў па-сапраўднаму здзівілі гасцей Купалля. Тут можна было пазнаеміцца з побытам беларускай хаты, атрымаць майстар-клас па вырабе кошыкаў, сурвэтак, лыжак. Наведвальнікам “Сялянскага двара” сваё ўнікальнае майстэрства дэманстравалі шапавалы з Дрыбіншчыны. Сыравары са Слаўгарадскага раёна ад душы частавалі гасцей смачнымі беларускімі сырамі, а побач разгарнулі гандаль разьбяры па дрэве. Пасярод “Сялянскага двара” шчыравала “Гусінае свята”, а непадалёк была арганізавана выстава-продаж жывой прадукцыі жывёлаводчых і птушкагадоўчых гаспадарак краіны. Тут жа госці свята маглі набыць купальскі вянок з жывых кветак, прадэгуставаць беларускія стравы, прыняць удзел у фальклорных гульнёва-забаўляльных праграмах.
У канцэртнай праграме “Александрыя гасцінна вітае сяброў”, якая прайшла на малой святочнай сцэне, прынялі ўдзел творчыя калектывы “Родники” (г.Сямёнаў, Ніжагародская вобласць Расійскай Федэрацыі), “Червона калина” (г.Чарнігаў, Украіна), “Дюз-ава” (Малдова, Гагаузія) і фальклорныя калектывы Магілёўскай вобласці.
Добрым падарункам для ўсіх, хто быў на свяце, стаў канцэрт Расійскага Цэнтра імя Генадзя Завалокіна “Играй, гармонь”. У рамках свята цэнтр правеў тэлевізійныя здымкі лепшых калектываў вобласці і асабістых выканаўцаў – фіналістаў абласнога конкурса гарманістаў, праведзенага напярэдадні Купалля.
На другі дзень свята для гледачоў і гасцей адбыўся тэматычны канцэрт “Купальскі карагод”, дзе прадставілі свае канцэртныя праграмы творчыя калектывы Расійскай Федэрацыі, Украіны і Магілёўшчыны.
Таксама у канцэрце прымалі ўдзел самыя актыўныя і таленавітыя сем’і вобласці – удзельнікі абласнога агляду-конкурсу сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”. У згаданым аглядзе-конкурсе сем’і спаборнічалі паміж сабой не толькі ў сцэнічным майстэрстве, але і ў намінацыях “Сям’я-рукатворніца”, “Гасцінны каравай”, “Хай льецца песня і прыпеўка” і “Музычная скарбонка”.
Яшчэ адна старонка Александрыйскага свята перагорнута. У наступным годзе Александрыя зноў будзе чакаць сяброў!
Фотафакт
Алёна Беланожка, вядучы метадыст УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.