Свята народнага мастацтва ў Паставах
З усіх абласцей Беларусі і васьмі краін свету – Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Венесуэлы, Малдовы, Славакіі, упершыню на фестываль прыехалі артысты з Грузіі – хор спевакоў Дзяржаўнага ансамбля песні і танца Аджарыі. Магілёўскую вобласць на фестывалі прадстаўляў ансамбль гарманістаў “Карытнянскія музыкі” Карытнянскага сельскага Дома культуры дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”.
Адметна, што якраз у фестывальныя дні горад Паставы адзначаў сваё 605-годдзе, таму праграма фестывалю была разнастайная і вельмі насычаная: прэс-канферэнцыя з удзельнікамі фестывалю, членамі аргкамітэта, прадстаўнікамі СМІ, “Горад майстроў”, тэатралізаваны канцэрт з удзелам дзіцячых творчых калектываў Пастаўшчыны, агляд-конкурс сельскіх панадворкаў, урачыстае адкрыццё фестывалю, канцэрт класічнай музыкі ў Пастаўскім касцёле, тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў і гасцей фестывалю, выступленне тэатра агню “Магратэя”, святочны феерверк. На працягу двух дзён лепшыя артысты і майстры, аматары і прафесіяналы, якія аб’яднаны імкненнем захаваць традыцыі народнай музыкі, дэманстравалі сваё майстэрства на фестывальных пляцоўках. Парадавалі і прыемна здзівілі сваім віртуёзным выкананнем удзельнікі традыцыйнага конкурсу калектываў і асобных выканаўцаў на народных інструментах “Хто каго?”. Па традыцыі, журы ўзначальваў народны артыст Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча прафесар Міхаіл Антонавіч Казінец. У склад журы таксама ўвайшлі народныя артысты Беларусі Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі, Яўген Пятровіч Гладкоў, аўтар ідэі, ініцыятар правядзення фестывалю Тадэуш Іванавіч Стружэцкі і іншыя вядомыя музыканты і заслужаныя артысты. Урачыстае ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу “Хто каго?” адбылося на заключным гала-канцэрце ўдзельнікаў XVII Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у гарадскім парку. Ансамбль гарманістаў “Карытнянскія музыкі”, кіраўніком якога з’яўляецца Уладзімір Сушчык, атрымаў дыплом Лаурэата III ступені ў намінацыі “Ансамблі народнай музыкі” за захаванне народных музычных традыцый, а вакальны дуэт прыпевачніц у складзе Людмілы Трубчанін і Наталлі Малой - дыплом удзельніка фестывалю ў намінацыі “Народныя спевы і прыпеўкі”.
Шчыра віншуем землякоў з перамогай! Няхай гасціннасць і цеплыня пастаўчан застануцца ў сэрцах удзельнікаў феставалю на многія гады.
Хамянок Н.А., загадчык сектара традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці ГУК “Цэнтралізованая клубная сістэма Асіповіцкага раёна”