Творчы занятак “Гармонік у традыцыі і сучаснасці”
Кожны дзень нас суправаджае музыка, дзе б мы не знаходзіліся. Без яе немагчыма жыццё сучаснага чалавека, бо яна аказвае вялікі ўплыў на эмацыйны стан і здароўе. Сёння нам вядома шмат музычных напрамкаў і плыняў, якія маюць сваіх паклоннікаў сярод людзей рознага узросту.
Галоўнай мэтай устаноў культуры з’яўляецца абудзіць цікавасць моладзі да сваіх традыцый, таму 27 лістапада 2024 года было вырашана правесці творчы занятак для студэнтаў Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа “Гармонік у традыцыі і сучаснасці” з майстар-класам па ігры на гармоніку і акарыне. Творчы занятак праводзіўся па матэрыялах этнаграфічных экспедыцый у Клічаўскім раёне.
Творчы занятак праходзіў у інтэрнаце для студэнтаў, дзе прысутнічалі і навучэнцы і выхавацелі. На вялікі жаль некаторыя маладыя людзі не змаглі адрозніць гармонік ад баяна, іншыя сказалі, што не ведаюць, які гэта інструмент. Невялікая частка моладзі здагадалася, што гэта гармонік.
Усім прысутным было цікава пазнаёміцца з гісторыяй з’яўлення гармоніка на беларускай тэрыторыі, шляхі яго распаўсюджвання, як гэты інструмент паступова займаў сваё важнае месца ў традыцыйнай музычнай культуры беларусаў.
У Клічаўскім раёне было шмат гарманістаў, якія жылі амаль у кожнай вёсцы. Гармонік гучаў на вячорках, провадах у армію, вяселлях і іншых сямейных святах. Іх мелодыі і былі выкарыстаны на творчым занятку.
Студэнты пазнаёміліся з некаторымі найгрышамі танцаў нашага раёна: сербіянка, страданія, вальс, каробачка. Даведаліся, як праводзіліся традыцыйныя і сямейныя святы.
Асабліва ўсім спадабалася, што на гэтым інструменце можна іграць сучасныя рок-кампазіцыі.
Пасля мерапрыемства прайшоў майстар-клас па ігры на гармоніку і акарыне.
Прыемна, што моладзь зацікавілася гэтым інструментам і магчымасцю выконваць на ім не толькі мелодыі мінулых гадоў, але і сучасныя кампазіцыі.
Ж.Я. Ачыновіч, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”