У Дрыбіне прайшоў IV рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”
Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя мясцовыя таржкі карысталіся шырокай папулярнасцю не толькі сярод беларусаў. Сюды з’язджаліся купцы з Расіі, асабліва частымі гасцямі былі гандляры і пакупнікі са Смаленшчыны і з Браншчыны. Але сталася так, што даўняя традыцыя забылася амаль на цэлае стагоддзе.
Ідэя аднавіць правядзенне жнівеньскіх таржкоў у Дрыбіне ўзнікла тры гады таму назад. У 2011 годзе Рашэннем Дрыбінскага раённага выканаўчага камітэта быў праведзены першы раённы фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”, і прайшоў ён настолькі ўдала, што ўжо ў 2012 атрымаў статус рэгіянальнага.
Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Дрыбінскі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама, а падтрымку арганізатарам аказвае Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.
Мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары, вельмі высакародная: адраджэнне, захаванне традыцыйных рамёстваў і промыслаў Дрыбінскага рэгіёна, а таксама багатай фальклорнай спадчыны – песень, танцаў, вуснай паэтычнай творчасці – і папулярызацыя іх сярод падрастаючага пакалення і моладзі.
Трэба адзначыць, што адраджаць, захоўваць і папулярызаваць нацыянальную спадчыну ў дрыбінскіх спецыялістаў атрымліваецца вельмі добра. Так, напрыклад, адным з галоўных штуршкоў да заснавання фестывалю з’явілася наданне статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці мясцовай традыцыйнай тэхналогіі шапавальства, што захавалася ў рэгіёне з даўніх часоў. Валёнкі, вырабленыя ўручную, як і стагоддзі таму, зараз з’яўляюцца афіцыйным сімвалам свята і займаюць пачэснае месца на яго эмблеме. Дарэчы, Дрыбіншчына можа пахваліцца яшчэ адной гісторыка-культурнай каштоўнасцю: гэта традыцыйная тэхналогія пляцення лапцей з вёскі Кароўчына.
Аднак, канешне ж, у Дрыбін варта ехаць не толькі “па валёнкі ды лапці”. На свяце шырока прадстаўлены вышыўка, ткацтва, салома- і лозапляценне, кераміка, кавальства, вырабы з берасты і бісеру, разьба па дрэве. Такі фестываль, “спецыялізацыяй” якога былі б народныя рамёствы, для Магілёўшчыны вельмі важны: на сёння ў вобласці актыўна дзейнічае адразу 16 Дамоў рамёстваў, і іх сустрэча на адной пляцоўцы спрыяе, па-першае, вызначэнню агульнага стану развіцця народных рамёстваў краю і іх падтрымцы, а па-другое, карыснаму для ўсіх абмену творчым і прафесійным досведам.
У гэтым годзе “Дрыбінскія таржкі” сабралі багата ўдзельнікаў. Акрамя прадстаўнікоў Краспольскага, Мсціслаўскага, Слаўгарадскага, Горацкага і Клімавіцкага, Магілёўскага раёнаў, тут можна было сустрэць гасцей з гарадоў Пачынок і Белы (Расійская Федэрацыя), а таксама з Віцебскай і Мінскай абласцей.
Гасцей свята чакалі не толькі пярэстыя гандлёвыя рады. Уздоўж цэнтральнай вуліцы горада цягнуліся “падворкі-крамніцы” сельгасгаспадарак раёна і арганізацый горада. Тут наведвальнікам свята прапаноўваліся забавы на любы густ: можна было палавіць рыбу і пакаштаваць наварыстай ухі ў “Крамніцы селядцоў”, паказаць сваё ўменне пілаваць дрэвы ды калоць дровы, і трапна “пастраляць”, што і рабілі не толькі мужчыны, а і жанчыны. У “Крамніцы траўніка” можна было выпіць духмянай гарбаты з зёлак і набыць цалебны “венік” з бярозы, каля крамы пчаляра “Шалёная бжылка”– пажывіцца мёдам, у крамніцы “Добра скеніць” – ад душы пачаставацца хатнімі стравамі, свежым хлебам, згатаваным па старадаўніх рэцэптах, а выратавацца ад невыноснай спёкі дапамагала крынічная вадзіца і бярозавы сок з крамніцы “Вада Жыцця”.
А вось каля крамніцы “Дрыбінскія бусавы” якраз і можна было падабраць або замовіць знакамітыя дрыбінскія валёнкі, сувеніры з воўны, купіць шапку-магерку для бані. Дарэчы, “бусавы” – гэта назва валёнкаў на мове дрыбінскіх шапавалаў. Мова – “катрушніцкі лемезень” – была прыдумана імі стагоддзі таму назад спецыяльна для таго, каб ніхто чужы не не вызнаў сакрэты майстэрства.
На другім паверсе раённага Цэнтра культуры працавала літаратурная гасцёўня, наведвальнікі якой маглі паслухаць паэтычныя чытанні у выкананні работнікаў бібліятэк, а таксама папрысутнічаць на падвядзенні вынікаў конкурсу “Славім Дрыбінскі наш край!”, што праводзіцца штогод сярод вучняў мясцовых школ.
На галоўнай пляцоўцы гаспадары свята Сымоніха і Дрыбша гасцінна запрашалі ўсіх на канцэртную праграму, у якой прымалі ўдзел лепшыя самадзейныя фальклорныя калектывы і ансамблі народнай песні. Дрыбша – гэта старадаўні талісман гэтай зямлі, як кажуць самі мясцовыя жыхары, “чалавек, які ўвесь год працаваў да сёмага поту, а прыехаў на таржкі, прадаў свой тавар, стаў заможным і вясёлым”. Па павер’і, ад слова “дрыбша” і пайшла назва Дрыбін.
Чацвёрты рэгіянальны фестываль “Дрыбінскія таржкі” яскрава прадэманстраваў, што цікаўнасць да традыцыйных народных рамёстваў, якія спалучаюць у сабе экалагічнасць працэсу вытворчасці, практычнасць і прыгажосць вырабаў, з кожным годам расце. Гэта азначае толькі адно: у фестываля ёсць будучыня.
Пажадаем “Дрыбінскім таржкам” даўгалецця, росквіту ды вялікіх поспехаў у справе захавання, акумуляцыі і папулярызацыі беларускай рамеснай і творчай спадчыны!
Алена Васільеўна Цішкевіч, вядучы метадыст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.