У Краснагорскім раёне Бранскай вобласці адбылася IV краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная 75-годдзю з дня вызвалення Бранскай вобласці і Краснагорскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
18 верасня ў Муніцыпальнай бюджэтнай установе культуры «Краснагорская міжпасяленчая цэнтральная раённая бібліятэка» Краснагорскага раёна Бранскай вобласці адбылася IV краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная 75-годдзю з дня вызвалення Бранскай вобласці і Краснагорскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел і прадстаўнікі Магілёўскай і Гомельскай вобласці з Краснапольскага і Чачэрскага раёнаў.
У рамках канферэнцыі адбыўся міждзяржаўны круглы стол «Родная земля и в горсти мила», у ходзе якога абмяркоўваліся і раскрываліся розныя тэмы краязнаўства – гісторыі вёсак, цікавыя лёсы людзей, баявыя шляхі землякоў, літаратурная і песенная спадчына роднага краю.
За «круглым сталом» сабраліся розныя пакаленні, у тым ліку і школьнікі Краснагорскай школы. І невыпадкова – краязнаўства выхоўвае, прымушае разважаць, думаць, пазнаваць, адным словам, фарміруе тыя каштоўнасці, якія так неабходны менавіта сёння – патрыятызм, духоўнасць, нацыянальную самасвядомасць.
У круглым стале прыняла ўдзел і я, метадыст па традыцыйнай культуры РЦК ДУК «Централізаванай клубнай сістэмы Краснапольскага раёна», дзе выступіла з краязнаўчым даследваннем на тэму «Асаблівасці фальклорнай песеннай спадчыны краснапольска-краснагорскага памежжа і шляхі захавання песеннага фальклору». Так як арганізатарамі мерапрыемства дазвалялася выкарыстоўваць розныя сродкі раскрыцця тэмы, акрамя даследчага дакладу ў якасці ілюстравання некаторых яго момантаў я выкарыстала жывое гучанне фальклору, бо з’яўляюся яго носьбітам, вершаваныя радкі, фанаграмы і сродкі мультымедыя.
У аснову маёй работы было пакладзена экспедыцыйнае і даследчае вывучэнне духоўнага жыцця вёсак памежжа Краснагорскага і Краснапольскага раёнаў. Я паспрабавала вызначыць асаблівасці песеннай традыцыі: тэкставай, фанетычнай і выканальніцкай. Як аказалася, песні памежжа блізкія па сваім характары, музычных і зместавых асаблівасцях, па жанрах і манеры выканання, што яшчэ раз пацвярджае: мяжа этнакультурнай прасторы не супадае з мяжой геаграфічнай ці палітычнай.
На прыкладзе аматарскага народнага фальклорнага ансамбля «Горскія харашухі», уласнай метадычнай дзейнасці я падзялілася і вопытам захавання фальклорнай спадчыны на Краснапольшчыне. А «формула» гэтага працэсу наступная – фальклор трэба збіраць, вывучаць і даследваць, пераймаць і засвойваць, актуалізаваць і папулярызаваць, з чым я і звярнулася да сваіх былых землякоў Краснагоршчыны, бо я нарадзілася і ўзрасла менавіта на гэтай зямлі, у вёсачцы Ярмолінка, якой ужо няма на зямлі, а песні яе жывуць.
Тэма знікнення вёсак малой радзімы аказалася блізкай многім удзельнікам круглага стала. Гісторыі вёсак і сваім землякам былі прысвечаны краязнаўчыя матэрыялы Краснагорскага музея, Краснагорскай школы, Краснагорскай бібліятэкі і гасцей з Чачэрска Гомельскай вобласці.
У рабоце круглага стала прынялі ўдзел глава адміністрацыі Краснагорскага раёна С.С. Жылінскі і начальнік аддзела культуры, спорта і маладзёжнай палітыкі адміністрацыі Краснагорскага раёна Н.В. Буднік.
С.С. Жылінскі жыва адгукнуўся на кожнае выступленне, выказаў падзяку за ўдзел, за беражлівае стаўленне да культурнай і гістарычнай спадчыны і ўзнёсак у яе захаванне.
З рук главы адміністрацыі я атрымала дыплом і падзяку за стварэнне спрыяльных умоў па адраджэнню, захаванню і ўмацаванню традыцый народаў памежжа, за ўзнёсак у развіццё культурнай спадчыны.
Чарговая сустрэча хутка адбудзецца на Краснапольскай зямлі, а мне хочацца выказаць падзяку арганізатарам міждзяржаўнай канферэнцыі - МБУК «Краснагорская міжпасяленчая цэнтральная раённая бібліятэка» - за падтрымку нашага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння.
В.А. Марчанка, метадыст РЦК ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна»