VI РЭГІЯНАЛЬНЫЯ КРАЯЗНАЎЧЫЯ ЧЫТАННІ АДБЫЛІСЯ НА КРАСНАПОЛЬШЧЫНЕ
Адна зямля у нас з табой, адна,
Яе мы адкрываем таямніцы…
КРАЯЗНАЎСТВА – ВАЖНЫ АСПЕКТ СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
І ЖЫЦЦЯ ГРАМАДСТВА
Рэгіянальныя краязнаўчыя чытанні “Мой край: вядомы, невядомы”, якія штогод праводзяцца на Краснапольшчыне з 2019 года, сапраўды адкрываюць таямніцы роднай зямлі, цікавыя старонкі яе гісторыі, асаблівасці яе культуры, быту, ладу жыцця нашых продкаў, лёсы землякоў.
Вось і VI краязнаўчыя чытанні сабралі значную аўдыторыю прыхільнікаў краязнаўства, асоб, зацікаўленых у пазнанні сваёй малой радзімы. Тут можна было пачуць нямала цікавай інфармацыі і пазнаёміцца з вопытам краязнаўцаў-аматараў.
Вітала ўдзельнікаў краязнаўчых чытанняў іх арганізатар – метадыст Краснапольскага РЦК В. А. Марчанка, якая паведала пра значнасць і ролю краязнаўчай работы і краязнаўчых чытанняў у зберажэнні культурна-гістарычнай спадчыны. Яна прывяла канкрэтныя факты і прыклады станоўчага вопыту ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” у правядзенні краязнаўчай работы і выкарыстання яе вынікаў на карысць грамадства.
Чытанні гэтага года прадэманстравалі актыўны ўдзел у іх работнікаў сферы культуры – ад метадыста Краснапольскага РЦК да культработнікаў клубных сельскіх устаноў, творчых калектываў і членаў клубных фарміраванняў. А гэта гаворыць і пра сфарміраваную цікаўнасць да краязнаўчай работы, і пра разуменне неабходнасці яе правядзення. Бо менавіта краязнаўчы аспект любому культурнаму мерапрыемству надае асаблівую цікаўнасць, каштоўнасць, унікальнасць, з’яўляецца асновай эмацыянальнага водгуку, патрыятычнага выхавання.
На аснове краязнаўчых пошукаў фарміруюцца фальклорныя рэпертуары калектываў мастацкай творчасці клубных устаноў раёна – асабліва грунтоўна ставяцца да гэтага народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” (кіраўнік В. Марчанка) Горскага СДК і ансамбль народнай песні “Спадчына” (кіраўнік Л. Каратцова) Пачапоўскага СДК; адраджаюцца рамёствы і забытыя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці – у якасці прыкладаў тут можна прывесці адраджэнне ткацтва Н. Р. Паплыка з Пачапоўскага СДК і рамяства з талашу Л. Крапіўніцкай з Яноўскага СДК, адраджэнне рамёстваў майстрамі РДР; створаны этнамузеі і этнакуткі ў клубных установах раёна, на базе якіх вядуцца даследванні па этнаграфіі, папулярызацыя этнаграфічнай спадчыны ў самых розных формах. А яшчэ краязнаўчыя даследванні даюць магчымасць прымаць удзел у міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, семінарах, міжнародных конкурсах і фестывалях. Такую магчымасць у гэтым годзе скарысталі метадыст В. А. Марчанка, ансамбль “Горскія харашухі”, ансамбль “Спадчына”.
Краязнаўчыя матэрыялы выпускаюцца метадычным аддзелам РЦК і знаходзяцца “у зоне доступу”, яны актыўна папулярызуюцца і праз шматлікія тэматычныя выстаўкі.
РАЗНАСТАЙНАСЦЬ ТЭМАТЫКІ КРАЯЗНАЎЧЫХ ЧЫТАННЯЎ.
Тэмы выступленняў на VI краязнаўчых чытаннях былі самыя разнастайныя і адпавядалі такім намінацыям, як “Тапонімы”, “Гістарычнае краязнаўства” “Фальклор”, “Народныя рамёствы”, “Культавыя аб’екты”. Выступілі 8 дакладчыкаў, якія выкарыстоўвалі розныя крыніцы інфармацыі: навуковую даследчую літаратуру, краязнаўчую выдавецкую прадукцыю ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, мапы, палявыя экспедыцыйныя зборы, асабістыя веды і вопыт, інш.
Пра страчаныя і жывыя культавыя аб’екты на Краснапольшчыне паведала Т. І. Акіншава, работнік Казельскага сельскага клуба.
Кіраўнік клуба “Вытокі” Горскага СДК В. І. Гомарава зрабіла даклад на тэму “Мясцовая тапаніміка як адлюстраванне традыцыйных вытворчасцяў на Краснапольшчыне”. Тапонімы даюць каштоўныя звесткі пра мінулае і сучаснае жыццё насельніцтва, адлюстроўваюць заняткі людзей, эканоміку, дапамагаюць вывучаць гаспадарку і прыродна-геаграфічнае асяроддзе нашых продкаў, іх этнічны склад.
Прынята лічыць, што на Краснапольшчыне няма і ніколі не было чыгункі. Памыляецеся. Цытую: “Ад завода да Сажа (рака) была пракладзена вузкакалейка даўжынёю каля 6 кіламетраў”. Калі гэта было? Ад якога такога завода? Што здарылася з вузкакалейкай і заводам? Цікава? Вось і слухачам краязнаўчых чытанняў было цікава слухаць паведамленне культарганізатара Ленінскага СДК А. У. Кандраценка пра Старынкаўскі (Уладзімірскі) чыгуначна-ліцейны завод, які дзейнічаў на Краснапольшчыне ў XIX стагоддзі.
У намінацыі “Фальклор” было прадстаўлена даследванне “Легенды і паданні роднага краю”, якое зрабіла метадыст В. А. Марчанка. Яна ахарактарызавала легенды і паданні як жанр вусна-паэтычнай творчасці, распавяла пра групы легенд і паданняў беларусаў і праілюстравала гэтыя групы прыкладамі з сабранага матэрыялу ў Краснапольскім раёне, што выклікала вялікую цікаўнасць слухачоў.
У якасці кіраўніка народнага фальклорнага ансамбля В. А. Марчанка прадставіла ў намінацыі “Фальклор” і работу “Песні-калыханкі: іх роля ў жыцці дзіцяці”. Яна ахарактарызавала значэнне калыханак і іх уплыў на дзяцей як сродка народнай педагогікі, лексічныя, музычныя асаблівасці песень-калыханак, асаблівасці іх выканання, прывяла прыклады сабраных калыханак, некаторыя з іх праспявала.
Да дакога фальклорнага матэрыялу, як прымаўкі і прыказкі, звярнулася Т. В. Яфімчык з Яноўскага СДК. “Хто не п’е, той доўга жыве” – такая тэма яе паведамлення. Яна ахарактарызавала прыказкі і прымаўкі як моўныя формулы, арыгінальныя сваім зместам, якія могуць выкарыстоўвацца ў выхаванні, і прывяла ў якасці прыкладаў шмат сабранага матэрыялу па сваёй тэме. Матэрыял быў слушны і цікавы, да таго ж, насіў прафіклатычны характар.
“Прадзенне і ткацтва як інстытут сацыялізацыі жанчыны”, - тэма выступлення Н. Р. Паплыка, кіраўніка гуртка “Рукадзельніца” Пачапоўскага СДК. Тэма ткацтва абраная ёй невыпадкова, справа ў тым, што менавіта Наталля Паплыка зараз актыўна займаецца адраджэннем ткацтва, і яе цікавіць усё, што з ім звязана.
Старонкі гістарычна-культурнай спадчыны Краснапольшчыны раскрываліся не толькі праз даклады-даследванні. Члены народнага аматарскага літаратурнага калектыву “Світанак” С. М. Сыранкоў, Г. М. Каваленка, В. А. Марчанка прадставілі некаторыя з такіх старонак праз свае вершаваныя творы, што асабліва ўразіла і прыцягнула ўвагу слухачоў.
ІНШЫЯ ЗАХАПЛЯЛЬНЫЯ СКЛАДНІКІ
КРАЯЗНАЎЧЫХ ЧЫТАННЯЎ.
Пашыралі рамкі паведамленняў і стваралі прыемны фон на краязнаўчых чытаннях і іншыя яго складнікі: дэманстрацыя праз слайд-прэзентацыю работ папярэдне праведзеных конкурсаў: арт-фота “Усё сваё – яно нас і яднае”, ДПМ “Незабытыя рамёствы”, прымеркаваных да Дня народнага адзінства. А яшчэ – чытанне вершаў удзельнікамі конкурсу “Краснапольшчына ў сэрцы маім”, арганізаванага народным аматарскім літаратурным калектывам “Світанак” да дня вызвалення Краснапольшчыны.
Пераможцам конкурсаў і ўдзельнікам VI рэгіянальных краязнаўчых чытанняў былі ўручаны дыпломы.
Завяршыліся краязнаўчыя чытанні наведваннем пляцоўкі “Галасы пакінутых вёсак”. Пляцоўкі, якая сцвярджае: не ўсё трапляе ў забыццё.
БУДЗЕМ НЯСТОМНЫМІ Ў ПОШУКАХ.
Ёсць выказванне: “Больш за ўсё мы губляем, калі перастаём шукаць”. Паважаныя сябры, калегі, краязнаўцы, аднадумцы, будзем нястомнымі ў нашых пошуках і адкрыццях, у захаванні культурна-гістарычнай спадчыны роднага краю.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”