Выстаўка-прэзентацыя “Гімн Бацькаўшчыне” прайшла на Краснапольшчыне
17 верасня ў РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” адбылася выстаўка-прэзентацыя “Гімн Бацькаўшчыне”, прысвечаная М.Гусоўскаму і яго паэме “Песня пра зубра”.
У 2020 годзе нашаму славутаму земляку Міколу Гусоўскаму, сучасніку Францыска Скарыны, спаўняецца 550 гадоў. Ён нарадзіўся каля 1470 года на зямлі Вялікага княства Літоўскага.
Сёння ён уключаны ЮНЕСКА ў пералік выдатных дзеячоў сусветнай культуры. Творчую спадчыну Гусоўскага складаюць паэмы “Песня пра зубра”, “Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпені месяцы”, “Жыццё і подзвіг святога Гіяцынта” і 11 вершаў, змешчаных у кракаўскім выданні зборніка “Песня пра зубра”.
Самы ўдалы твор Міколы Гусоўскага, якому былі суджаны доўгае жыццё і вялікая слава, – паэма “Песня пра зубра”. Дзякуючы таленту і багатаму жыццёваму вопыту паэта паэма стала песняй яго сэрца, паэмай жыцця зямлі “пад зоркай Палярнай”, летапісам гэтай зямлі.
Кіраўнік народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Валянціна Марчанка прэзентавала выстаўку, прысвечаную паэту і яго паэме, для аўдыторыі спецыялістаў клубных устаноў раёна ў рамках метадычнага семінара і пад знакам акцыі “За Беларусь”.
Яна распавяла пра гісторыю стварэння паэмы, ахарактарызавала яе асаблівасці, працытавала неўміручыя радкі паэмы, многія з якіх ведае напамяць.
На яе думку, паэма не можа заставацца незаўважанай, бо ў ёй маляўніча прадстаўлены і наш продак-беларус, якім можна ганарыцца, і прырода з яе незлічонымі багаццямі, сярод якіх – магутны асілак лясоў і пушчаў – зубр. На старонках паэмы сапраўды “пакінуты след гісторыі”.
Зубр у паэме – алегарычны вобраз роднага краю, народа. Гэты волат параўноўваецца і з адважным і смелым князем Вітаўтам, у час княжання якога Вялікае княства Літоўскае дасягнула небывалага росквіту. Але сапраўдным багаццем, златам дзяржавы, на думку героя паэмы, якую падзяляе і аўтар, з’яўляецца багацце духоўнае.
Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы
Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,
І называюць той век залатым. Разбяромся:
Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай
Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца
Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна
Ставіў багацце духоўнае – злата дзяржавы.
Паэма “Песня пра зубра” – гэта споведзь пра любоў і нянавісць, жыццё і смерць, вайну і мір.
Актуальнымі застаюцца і сёння думкі аўтара паэмы, у яіх ён асуджае раз’яднанасць людзей, іх незгуртаванасць, міжусобіцы, братазабойствы.
Паэма вучыць нас любові да роднай зямлі, да свайго народа, яго гісторыі, культуры, нацыянальных традыцый, любові і павазе да іншых народаў і культур.
Мікола Гусоўскі стварыў узнёслую песню пра беларускую зямлю, яе багацці, людзей, іх думы і пачуцці, стварыў сапраўдны гімн бацькаўшчыне.
В. А. Марчанка, метадыст РЦК УК “ЦКС Краснапольскага раёна”