XII раённы фестываль народнай творчасці «Крыніца душы» прайшоў у Касцюковіцкім раёне
20 кастрычніка ў раённым Цэнтры культуры цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна адбыўся XII раённы фестываль народнай творчасці сярод сельскіх устаноў культуры «Крыніца душы».
Сёлета фестываль быў прысвечаны Году малой Радзімы. Традыцыйна яго адкрылі гімнам фестывалю, аўтарам якога з’яўляецца Наталля Кірыенка, мастацкі кіраўнік Муравільскага сельскага Дома культуры. Пры адкрыцці прагучалі шчырыя словы радасці ад доўгачаканнай сустрэчы.
З першай песні гледачы акунуліся ў разнастайны акеан народнай творчасці.
«Няма на зямлі мілей месца, чым тое, дзе ты нарадзіўся…». Гэтая думка стала скразной ад сцэнарыя да сцэнарыя, ад нумара да нумара. Кожны верш, кожная песня, якая выконвалася самадзейнымі артыстамі, была напоўнена любоўю да малой Радзімы, да людзей, да народнай творчасці.
Выступленне творчага калектыву Муравільскага сельскага дома культуры не аставіла абыякавым ні аднаго гледача ў зале. Гучалі аўтарскія вершы, песні ў выкананні носьбітаў аўтэнтыкі, выконваліся жартоўныя сцэнкі з жыцця вяскоўцаў Муравілля. І кожны твор гучаў неяк па асабліваму!
Не стамялешся здзіўляцца здольнасці і нястомнасці тварыць творчага калектыву Пралетарскага сельскага-клуба бібліятэкі. Персанажы, якія прайшлі праз сцэнарый: дед і баба, хлапец і дзяўчына, фельчар і пацыентка, муж і жонка, салдат і дзяўчына – раскрылі яркую панараму вясковага жыцця ва ўсіх яго праявах.
Выступленне Тупічынскага сельскага Дома культуры ў гэтым годзе таксама ўразіла яркасцю вобразаў, жывапіснасцю выканання і чысцінёй гучання народнага вакальнага ансамбля «Весялуха».
У выступленні Новасаматэвіцкага клуба вольнага часу зноў прагучаў Іллінскі кірмаш. Усе з вялікім задавальненнем назіралі за развязваннем падзей на кірмашы і настроем, які стваралі незабыўныя вобразы.
Выступленне творчых калектываў Шарэйкаўскага, Баронькаўскага, Сялецкаўскага, сельскіх Домоў культуры, Крапівенскага сельскага клуба-бібліятэкі, Забычанскага сельскага клуба, Мурынборскага сельскага Цэнтра культуры таксама стварылі шчырую абстаноўку. У выступленні кожнага калектыву гучалі сардэчныя ноткі, якія гаварылі аб вялікай любові да родных мясцін, да сваіх каранёў.
Народная творчасць – гэта адзіны прытулак душы, які не страціў сваёй значнасці. З года ў год фестываль раскрывае свае дзверы, і яго прыхільнікаў не становіцца меней. Цікавасць людзей да яго сведчыць аб тым, што «Крыніца душы» будзе яшчэ шмат год бруіцца жывой вадой, а народная творчасць будзе запатрабавана ў маладога пакалення.
Захарэнка С.М., загадчык аддзела культурна-дасугавай дзейнасці ГУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Касцюковіцкага раёна»