XXVI Дзень беларускага пісьменства прайшоў у Слоніме
Насычаная праграма Дня беларускага пісьменства традыцыйна распачалася напярэдадні асноўных мерапрыемстваў.
31 жніўня гасцей сустракала духоўная святыня нашай краіны – Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр. Пад покрывам душэўнай цішыні і гармоніі менавіта ў сценах манастыра адбыўся Міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў «Мастацкая літаратура, як шлях адзін да аднаго» з удзелам прадстаўнікоў 14 краін. Літаратура злучае і часы, і народы, і краіны і кантыненты – гэты тэзіс стаў асновай абмеркавання паміж удзельнікамі.
Далей мерапрыемствы працягнуліся ў цэнтры аднаго з самых старажытных і гістарычных гарадоў нашай краіны – Слоніме. У гэты дзень каля Слонімскага райвыканкама адбылося урачыстае адкрыццё кніжнага магазіна «Санет», на цэнтральнай плошчы адкрыў свае дзверы фестываль кнігі і прэсы, па ўсім горадзе працавалі шматлікія тэматычныя павільёны, а таксама выставачныя праекты, прысвечаныя паэтам і пісьменнікам Беларусі, друкаваным выданням на тэрыторыі Беларусі, Году малой Радзімы, вядомым людзям Слонімшчыны і інш.
Адной з запамінальных падзей у праграме першага дня стала прэзентацыя абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. У мерапрыемстве з творчай прэзентацыяй «Я часцінка маей Беларусі» прыняла ўдзел і дэлегацыя Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам старшыні аддзялення А.М.Казека.
1 верасня ў горадзе быў адкрыт помнік легендарнай і гістарычнай постаці для Слоніма – вялікаму гетману, канцлеру і выдаўцу статута Вялікага Княства Літоўскага – Льву Сапегу. Трэба адзначыць, калі Леў Сапега быў старастай Слоніма, горад стаў цэнтрам гандлю і рамёстваў. Паводле яго хадайніцтва ў 1591 г. гораду было прысвоена Магдэбургскае права, падараваны герб, на якім намаляваны леў трымае залатую стралу.
На цэнтральнай плошчы стартавала квэст-гульня «Код Сапегі», у горадзе працавала маштабная гандлёвая пляцоўка «Гастра-фестываль беларускай кухні і беларускай прадукцыі», а таксама пляцоўкі «Народная культура – крыніца духоўнасці», праект «Гарадзенскія падворкі» і многія іншыя. У 12.00 на Галоўнай сцэнічнай пляцоўцы адбылося урачыстае адкрыццё XXVI Дня беларускага пісьменства, афіцыйная цырымонія адкрыцця свята і уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Беларускае пісьменства – адзін з галоўных нацыянальных скарбаў. Гэта наша мінулае і сучаснасць, чыя місія – захаваць і перадаць наступным пакаленнем беражлівыя адносіны да нацыянальных традыцый і гісторыі, да шчырага, роднага і паэтычнага беларускага слова. У праграме свята было яшчэ шмат яркіх і цікавых культурных падзей і імпрэз. Магілёўшчына з гонарам прыняла эстафету XXVII Дня беларускага пісьменства, які ў 2020 годзе пройдзе ў Бялынічах.
Аляксандр Глуздоў, начальнік аддзела традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці УК «Магілеўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КПР»