“Зялёныя святкі”
З кожнай парою года ў беларусаў звязаны традыцыйныя i абрадавыя дзействы, песнi i карагоды, паданi i легенды. Народныя песнi заўсёды былi крынiцай натхнення музыкаў i кампазiтараў усiх часоў. Першага чэрвеня 2014г. у г.Магiлеве адбылося свята беларускай традыцыйнай культуры “Зялёныя святкі”. Заснавальнiкамi свята з’яўлялiся Магiлеўскi гарадскi выканаўчы камiтэт i РМГА «Студэнтскае этнаграфiчнае таварыства». “Зялёныя святкі” - гэта характэрная для Магілёўшчыны назва траецкіх святаў, якая адлюстроўвае ўласцівае для гэтага перыяду ўшанаванне зеляніны, дрэваў, кветак, што знаходзяцца ў сваім росквіце. Менавіта яны з’явiлiся прыродным атачэннем свята, вызначаючы яго вобразнасць і змест. “Зялёныя святкі” аб’ядналi вялікае кола людзей, шчыра зацікаўленых у захаванні і развіцці народнай беларускай культуры. Удзел у святкаваннi першага дня лета прыняў клуб аматараў фальклорнай i народнай песнi «Добрасць» Касцюшкавiцкага СДК Крычаўскага раёна. Атмасфера свята была вельмi светлай i добрай i госцi сябе адчувалi зусiм як дома.
Гурт “Добрасць адкрыў сваiмi спевамi канцэртную праграму свята, а потым старэйшыя жанчыны паказалi зацiкаўленай моладзi майстар-клас па народных танцах: “Ленцяй”,”Полечка-трасуха”, “Яблачка”, “Лявонiха», “Сербiянка», карагоды i iнш. Танчылi i моладзь i старыя.
Гралi для паважаных жанчын музыкi, маладыя вучылiся народным танцам, а настаўнiцы – наша «Добрасць», з ахвотай падзялiлiся сваiмi ведамi. Як добра, што есць у каго павучыцца, а моладзi ёсць на каго раўняцца. Нельга было ўтрымацца на месцы. Як кажуць самi ўдзельнiцы, каб ногi трохi маладзейшыя, дык скакалi б да самай ночы.
На пляцоўках мястэчка “Зялены луг” было шмат майстар-класаў па традыцыйных рамёствах, беларускай народнай кухнi i гульнях. Быў праведзены троецкi абрад, у якiм маглi прыняць удзел усе прысутныя. На працягу свята гучала жывая народная музыка i народныя спевы. Свята працягвалася да самай поўначы. “Зялёныя святкі” сталi для яго ўдзельнікаў і гасцей – моладзі і людзей сталага ўзросту, сем'яў, аматараў народнай культуры і ўсіх зацікаўленых людзей не толькі месцам выдатнага адпачынку на вольным паветры, але і пляцоўкай для жывога творчага ўзаемадзеяння.
Людмiла Талпыга, дырэктар Касцюшкавіцкага СДК Крычаўскага раёна