Абласны агляд-конкурс аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі” пройдзе ў лютым-сакавіку ў Магілёўскай вобласці

Традыцыйны абласны агляд-конкурс аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі” пройдзе ў лютым-сакавіку ў Магілёўскай вобласці і прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Арганізатарам конкурсу з’яўляецца ўстанова культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.
У конкурсе прымуць удзел разнажанравыя аматарскія тэатральныя калектывы ўстаноў культуры вобласці: драматычныя, музычныя, пластычныя тэатры, тэатры-студыі, тэатры мініяцюр, тэатральныя калектывы, якія працуюць у іншых відах і формах тэатральнага мастацтва.
Агляд-конкурс будзе праходзіць ў два этапы: I этап – конкурсны; II этап – заключны.
Першы конкурсны прагляд адбудзецца 25 лютага. Ён пройдзе на базе ўстановы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”. Удзел прымуць аматарскія тэатральныя калектывы з г.Магілёва, Бялыніцкага, Быхаўскага, Чавускага, Дрыбінскага, Круглянскага, Магілёўскага, Шклоўскага раёнаў.
26 лютага адбудзецца другі конкурсны прагляд, на базе дзяржаўнай ўстановы культуры “Палац мастацтваў г.Бабруйска”. Выступяць калектывы з г.Бабруйска, Бабруйскага, Глускага, Кіраўскага, Клічаўскага, Асіповіцкага раёнаў.
27 лютага творчыя калектывы прыме дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна”. Сюды з’едуцца калектывы з Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Мсціслаўскага, Слаўгарадскага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага раёнаў.
Фінал абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі” адбудзецца 20 сакавіка ў Магілёскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. На суд гледачоў будуць прадстаўлены лепшыя тэатральныя пастаноўкі тэатральных калектываў – пераможцаў першага этапа.
Усе ўдзельнікі па выніку конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломам удзельніка, пераможцы – дыпломамі І, ІІ, ІІІ ступені. Удзельнікі таксама ўзнагароджваюцца спецыяльнымі дыпломамі: “Яркі дэбют”, “Лепшая мужчынская роля”; “Лепшая жаночая роля”; “Лепшы спектакль для дзяцей”; “За арыгінальнасць трактоўкі матэрыялу пастаноўкі”; “За папулярызацыю і захаванне творчасці беларускіх класікаў”.
Абласны агляд-конкурс аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі” праходзіць з 2011 года адзін раз у два гады. Мэта конкурсу – захаванне і развіццё тэатральных традыцый Прыдняпроўскага краю, актывізацыя дзейнасці аматарскага тэатральнага мастацтва, выяўленне новых творчых калектываў.